У Брусэлі расказалі ўсю праўду пра беларускіх палітычных вязняў
12- 24.07.2023, 12:52
- 26,704
Беларускіх вязняў сумлення неабходна неадкладна ратаваць.
У сувязі з беспрэцэдэнтным ціскам на палітычных вязняў у беларускіх турмах адбыўся візіт у Брусэль сваякоў беларускіх вязняў сумлення. Амаль паўгода няма якой-небудзь інфармацыя пра лідэра беларускай апазіцыі Мікалая Статкевіча, у турме зазнае катаванні актывістка грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Паліна Шарэнда-Панасюк.
Галоўная рэдактарка сайту "Хартыя-97" Наталля Радзіна, Марына Адамовіч, жонка Мікалая Статкевіча, і Андрэй Шарэнда, муж Паліны Шарэнды-Панасюк, правялі шэраг двустаронніх сустрэч у Брусэлі з дэпутатамі Еўрапейскага Парламента і дыпламатамі ЕЗ.
З боку афіцыйнага Брусэля ў сустрэчах удзельнічалі віцэ-прэзідэнты Еўрапейскага парламента Катарына Барлі, Нікола Бір, Отмар Карас, Хэйдзі Хаўтала, кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента ў справах Беларусі Юозас Алекас, дакладчык Еўрапарламента аб Беларусі Пятрас Аўштравічус, намеснік кіраўніка камітэта замежных спраў Еўрапарламента Вітольд Вашчыкоўскі, кіраўнік парламенцкай асамблеі «Еўранэст» Андрус Кубілюс, віцэ-прэзідэнтка дэпутацкай фракцыі Кансэрватараў і рэфарматараў Анна Фатыга, «хросная» палітычнай зняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк Ізабэль Сантуш, еўрадэпутаты Мірыям Лексман, Віёла фон Крамон-Таўбадэль, Анджэй Галіцкі, кіраўніца аддзела Еўрапейскай службы замежных сувязяў у справах Арменіі, Азербайджана, Беларусі, Грузіі ды Малдовы Дарота Длоўгі-Суліга, дарадца Прэзідэнта Еўрапейскага парламента Таццяна Мражыкава.
Андрэй Шарэнда расказаў пра тое, як ягоную жонку безупынна катуюць у лукашэнкавых катоўнях. У сваім апошнім лісце палітычная зняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк фактычна развіталася са сваімі двума дзецьмі: 7- і 14-гадовым сынамі. Толькі за мінулыя 10 месяцаў Паліна правяла больш за 200 дзён у штрафным ізалятары: напаўсутарэнным памяшканні без ацяплення, праточнай вады і санвузла. Выпускніцу Варшаўскага ўніверсітэта, стыпендыятку прэстыжнай праграмы постдыпломнай адукацыі Кіркланда ўтрымліваюць у адной калоніі з забойцамі-рэцыдывістамі. Палітычная зняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк прайшла праз збіванне і карную псіхіятрыю. Фізічныя сілы Паліны на згоне. «Я мяркую, што быў дадзены палітычны запыт на забойства Паліны», — сказаў Андрэй Шарэнда і заклікаў ЕЗ дамагацца ейнага вызвалення.
Марына Адамовіч паведаміла, што на працягу больш чым 160 дзён няма інфармацыі пра лідэра беларускай апазіцыі, вязня сумлення Мікалая Статкевіча. З 1994 года, калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады, Мікола Статкевіч правёў у зняволенні больш за 10 гадоў. Ён быў зноў арыштаваны напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і прысуджаны да 14 гадоў калоніі асаблівага рэжыму. Больш за тры гады Мікола Статкевіч утрымліваецца ў адзіночнай камеры, а апошнія паўгода ад яго няма лістоў, забароненыя сустрэчы са сваякамі і адвакатам. Ёсць сур'ёзная асцярога што да ягонага стану здароўя, у палітыка ўзніклі праблемы з сэрцам.
Галоўная рэдактарка Charter97.org Наталля Радзіна зазначыла, што ў Беларусі адбываецца гуманітарная катастрофа. Толькі за апошні год у зняволенні памерлі пяцёра палітычных вязняў, аднак колькасць загінулых можа быць большай. У рэчаіснасці праваабаронцы не ведаюць імёнаў вялікай колькасці палітычных вязняў. У беларускіх турмах паводле розных ацэнак сёння знаходзяцца ад 5 да 10 тысяч вязняў сумлення. Людзей сёння фактычна забіваюць у турмах, не даючы ім медыцынскую дапамогу і неабходныя лекі, ладзячы ціск і катаванні. Галоўная рэдактарка Charter97.org заклікала еўрапейскіх палітыкаў звярнуць першарадную ўвагу на выпадкі Паліны Шарэнды-Панасюк, Мікалая Статкевіча, Вікторыі Кульшы, Алены Лазарчык, Алеся Бяляцкага, Мікалая Аўтуховіча, Андрэя Войніча, Паўла Кучынскага, Паўла Севярынца, Уладзіміра Гундара, Вольгі Залатар, Галіны Дзербыш, Ксеніі Луцкінай, Яўгена Афнагеля, Максіма Вінярскага, Ігара Аліневіча, Генадзя Фядыніча, Аляксандра Францкевіча ды іншых.
Наталля Радзіна заклікала ўзмацніць ціск на дыктатарскі рэжым Лукашэнкі: уводзіць новыя санкцыі, забяспечыць выкананне ўжо існых, ужыць у дачыненні да рэжыму артыкул 33 Статута Міжнароднай арганізацыі працы, які прадугледжвае гандлёвае эмбарга. Менавіта адсутнасць адэкватных санкцый супраць рэжыму прычынілася да катастрафічнага пагаршэння сітуацыі з палітычных вязнямі.
Еўрадэпутаты і дыпламаты ЕЗ абяцалі сваю падтрымку беларускім палітычным вязням. Неадкладна былі зробленыя заявы з патрабаваннем надання інфармацыі аб палітычных зняволеных, надання ім медыцынскай дапамогі і вызваленні. Таксама было заяўлена, што пакуль у Беларусі не будуць вызваленыя ўсе палітычных вязні, аб зняцці санкцый з рэжыму не можа быць і гаворкі.