10 студзеня 2025, Пятніца, 18:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экспарт расейскай нафты па Чорным моры практычна спыніўся

Экспарт расейскай нафты па Чорным моры практычна спыніўся

Прычына - атака марскіх дронаў.

Экспарт расейскай нафты па Чорным моры, на які прыпадае блізу чвэрці барэляў, што прадаюцца за мяжу, апынуўся практычна паралізаваны неўзабаве пасля таго, як украінскія марскія дроны атакавалі Новарасійск.

За тыдзень з 14 да 20 жніўня з найбуйнейшага чарнаморскага порта РФ выйшаў толькі адзін танкер, а аб'ёмы экспарту абрынуліся да 100 тысяч барэляў на дзень, паведамляе Bloomberg са спасылкай на інфармацыю Kpler.

Тыднем раней порт адправіў тры танкеры, а ў першыя сем дзён жніўня - пяць суднаў. (300 і 500 тысяч барэляў на дзень адпаведна). Пры гэтым у чэрвені з Новарасійска вывозілі да 600-800 тысяч барэляў на дзень.

Аб'ём нафтавага экспарту па Чорным моры стаў самым нізкім з пачатку вайны, а яго падзенне пачалося пасля таго, як у ноч на 4 жніўня УСУ атакавалі базу ВМФ у Новарасійску, а праз дзень ледзь не патапілі танкер «Сіг» у раёне Керчы.

На аб'ёмы адгрузкі магло паўплываць надвор'е, піша Bloomberg: на мінулым тыдні ў Новарасійску двойчы абвяшчалі штармавое папярэджанне. Аднак традыцыйнага афіцыйнага паведамлення аб спыненні адгрузкі з порта пры гэтым не было.

У нафтавікоў узніклі складанасці са страхавымі кампаніямі, якія пачалі патрабаваць дадатковай платы за «ваенныя рызыкі», распавялі Reuters чатыры трэйдары, якія працуюць у рэгіёне.

На іх ацэнку, страхавая прэмія была павялічаная з 1% ад кошту грузу да прыкладна 1, 2-1, 25%. Гэта азначае, што кожны рэйс танкера Suezmax у Індыю каштавацьме даражэй прыкладна на $200 000.

Агульны кошт страхоўкі падняўся да $1 млн за судна. Зрэшты, у разгар крызісу паставак і санкцый расейскія кампаніі плацілі куды больш - да $20 млн за танкер, што складала больш за траціну кошту кожнага грузу.

Са слоў крыніц Reuters, павелічэнне адбылося ў асноўным для суднаў, якія перавозяць расейскую нафту і нафтапрадукты, у той час як для грузаў казахстанскага паходжання прэмія пакуль стабільная - блізу 1%. Пры гэтым на адгрузкі нафты гэта не паўплывала, запэўніваюць крыніцы, хаця і прызнаюць, што рызыкі растуць.

Падзенне чарнаморскага нафтавага экспарту прывяло да таго, што сукупны продаж расейскіх барэляў за мяжу ўпаў да мінімуму са снежня. На тыдні да 20 жніўня, гэта было 2370000 барэляў на дзень - на 15% менш, чым тыднем раней, і на 20% ніжэй, чым у пачатку месяца.

З сярэдзіны студзеня да сярэдзіны чэрвеня экспарт нафты з РФ ні разу не падаў ніжэй за 3 млн барэляў на дзень, а на піку - у канцы красавіка - дасягаў 4,2 млн барэляў за дзень. З таго часу аб'ёмы абрынуліся на 44%.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках