Колькі ў Расеі засталося ракет
- 28.08.2023, 9:43
- 12,902
Колькасць назвалі ў ГУВ Мінабароны Украіны.
У Расеі цяпер застаецца сама меней 585 ракет (без уліку Х-22), якія страляюць на адлегласць больш за 500 кіламэтраў і якімі вораг часцей за ўсё атакуе розныя рэгіёны Украіны.
Пра гэта РБК-Украіна паведаміў намеснік начальніка ГУВ Мінабароны Украіны генерал-маёр Вадзім Скібіцкі.
Паводле ягоных слоў, Галоўная ўправа выведкі Міністэрства абароны вельмі старанна сочыць за ўсім, што звязана з запасамі ракет у ворага ды іх вырабам.
«Калі гаварыць аб балістычных і крылатых ракетах «Іскандэр», то, паводле нашых звестак, іх цяпер прыблізна 270 адзінак. Запасы "Калібраў" — гэта прыблізна 140 ракет. Х-101 яны маюць менш, у той жа час агульная колькасць Х-101, Х -555 і Х-55 з баявой часткай, паводле нашых падлікаў — блізу 100 ракет», — сказаў Скібіцкі.
Акрамя таго, паводле ягоных слоў, у расейцаў у запасах можа быць яшчэ прыкладна 75 адзінак "Кінжалаў".
Прадстаўнік ГУВ дадаў, што на сённяшні дзень расейцы менш выкарыстоўваюць Х-101, параўноўваючы з восенню мінулага года. Гэтаму ёсць дзве прычыны. Па-першае, яны змушаныя ўлічваць крытычную граніцу, гэта значыць, ашчаджаюць запасы гэтых ракет.
«Бо, паводле планаў, расейцы могуць вырабляць блізу 40 ракет Х-101 штомесяц, але мы ўжо дакладна ведаем, што гэтыя планы ў іх не выконваюцца. Найперш гэта звязана з дэфіцытам замежных дэталяў. Другі чыннік — Расея спрабуе назапасіць гэтыя ракеты, якія лічацца больш дакладнымі і дзейснымі, калі параўноўваць, напрыклад, з крылатымі ракетамі Х-555, Х-22 або нават «Калібрамі», якія мы паспяхова збіваем», — растлумачыў Скібіцкі.