13 студзеня 2026, aўторак, 19:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Медуза»: У Крамлі вызначыліся, хто пойдзе на прэзідэнцкія выбары 2024 года

46
«Медуза»: У Крамлі вызначыліся, хто пойдзе на прэзідэнцкія выбары 2024 года

Галоўны крытэрый адбору кандыдатаў - узрост.

У палітычным блоку адміністрацыі прэзідэнта (АП) РФ, якім кіруе Сяргей Кірыенка, вызначыліся са «спарынг-партнёрамі», якія будуць «канкурыраваць» з Уладзімірам Пуціным на прэзідэнцкіх выбарах 2024 года. Са слоў двух крыніц «Медузы», блізкіх да Крамля, адным з галоўных крытэрыяў іх адбору стаў узрост. Сярод зарэгістраваных кандыдатаў не павінна быць палітыкаў маладзейшых за 50 гадоў. Паводле ацэнкі чыноўнікаў АП, наяўнасць такіх кандыдатаў у бюлетэні можа прымусіць расейцаў задумацца аб тым, што 70-гадовы Пуцін - «ужо не той чалавек, які прыходзіў да ўлады з цвёрдай рукой».

Цяпер у АП разлічваюць, што на выбары акрамя Пуціна пойдуць прадстаўнікі трох парламенцкіх партый: КПРФ, ЛДПР і «Новых людзей» (лідар «Справядлівай Расеі» Сяргей Міронаў абвясціў, што ягоная партыя не будзе вылучаць кандыдата і падтрымае Уладзіміра Пуціна). Кандыдатам ад КПРФ Крэмль бачыць Генадзя Зюганава. «Ніякіх цёмных конікаў тыпу [вылучанага камуністамі ў 2018 годзе бізнэсоўцаПаўла] Грудзініна. Зюганаў звыклы прэзідэнту, у яго высокі статус лідара партыі, ягонае прозвішча знаёмае кожнаму выбарцу. Пры гэтым у яго ёсць столь - кандовы электарат КПРФ, новых выбарцаў ён залучаць не будзе», - растлумачыў адзін з суразмоўцаў «Медузы», блізкіх да АП.

У 2008 годзе на выбарах прэзідэнта Зюганаў атрымаў 17 адсоткаў, у 2012 годзе - 18 адсоткаў. Падобная стабільнасць рэйтынгу важная для Крамля - плануецца, што на будучых выбарах Пуцін набярэ «рэкордны вынік». Дзейны прэзідэнт павінен атрымаць больш за 80% галасоў з прыходам больш як 70%. Гэтаму гіпатэтычна магло перашкодзіць паўтарэнне гісторыі з Грудзініным - тады ўзгоднены з Крамлём кандыдат пачаў нечакана набіраць рэйтынг і АП давялося весці супраць яго паўнавартасную кампанію чорнага піяру. «З абрыдлым Зюганавым такіх эксцэсаў не будзе», – упэўнены блізкі да АП суразмоўца «Медузы». Цяпер рэйтынг даверу Зюганаву згодна з «Левада-Цэнтрам» складае 3%, рэйтынг КПРФ па УЦДГМ – 10,2%.

Кандыдатам ад ЛДПР, паводле задумы Крамля, павінен стаць лідар партыі Леанід Слуцкі. Са слоў крыніцы, блізкай да АП, Слуцкі і сам хоча паўдзельнічаць у выбарах, бо любіць піяр. Суразмоўца, блізкі да кіраўніцтва ЛДПР, пацвердзіў гэтую інфармацыю і дадаў, што Слуцкі «любіць свяціцца на публіцы» і мае намер «падняць асабістую вядомасць». З гэтай жа мэтай, са слоў крыніцы, Слуцкі зараз узначальвае спісы партыі на рэгіянальных выбарах: «Ягонае фота – на першых палосах партыйных газет, а падчас прэзідэнцкіх яшчэ і тэлеэфір падчас дэбатаў дадасца».

Суразмоўца, блізкі да палітычнага блока Крамля, сітуацыю з вылучэннем Слуцкага апісаў так: «Ён цалкам пасуе - сур'ёзны мужчына, пры пасадзе, у пінжаку. Ніхто не скажа, што гэта чысты спойлер. Але асабісты рэйтынг Слуцкага нізкі, а сам ён як публічны палітык – так сабе...»

З кандыдатам ад «Новых людзей» (НЛ) усё складаней. У Крамлі хацелі б, каб ад партыі вылучыўся яе старшыня, бізнэсовец Аляксей Нячаеў. «Логіка тая ж, што са Слуцкім: сур'ёзны мужчына ў пінжаку, прадстаўнічы, правільны. Але малавядомы і не вельмі харызматычны. Каб рэйтынг не выбіўся [наперад] і не стаў пагражаць KPI паводле Пуціна», - растлумачыў адзін з суразмоўцаў «Медузы», блізкі да АП.

Аднак з самім Нячаевым гэты план пакуль узгадніць не ўдалося. Са слоў двух крыніц «Медузы», блізкіх да Крамля, той разумее, што «шмат адсоткаў яму набраць не дадуць, а атрымліваць драбніцы і быць Лёшам 2% ён не хоча».

«Нячаеў хоча, каб НЛ выйшлі як мінімум на трэцяе месца на выбарах у Дзярждуму ў 2026 годзе. Ён думае, што ягоны нізкі вынік на прэзідэнцкіх выбарах перашкодзіць гэтай мэце», — патлумачыў блізкі да АП крыніца «Медузы».

Паводле інфармацыі суразмоўцаў «Медузы», замест сябе Нячаеў прапануе віцэ-спікера Дзярждумы Уладзіслава Даванкова, які зараз балатуецца ў мэры Масквы. Аднак АП гэтая кандыдатура не задавальняе. Крэмль працягвае намагаць на ўдзеле Нячаева, хаця Даванкоў - цалкам сістэмны палітык:

Справа ва ўзросце. Даванкову 39 гадоў, ён любіць піяр, можа нармальна выступаць публічна. Зразумела, што ён не атрымае вялікі адсотак, але малады і актыўны кандыдад можа прымусіць выбарцаў падумаць аб узросце прэзідэнта. Гэта будзе невыгодны кантраст. Гаворка не пра вынік [Пуціна] на саміх выбарах, а пра перспектыву пары-тройкі гадоў, калі думкі пра тое, што Пуцін, вядома, малайчына, але не пара б прыйсці камусьці маладзейшаму, з'явяцца. Удзел маладых кандыдатаў можа стаць каталізатарам такіх думак.

Паводле апытання кампаніі Russian Field, праведзенага ў траўні гэтага года, узрост з'яўляецца трэцім паводле папулярнасці адказам на пытанне аб тым, што расейцам «не падабаецца» ў дзейным прэзідэнце, - вышэй толькі «мяккасць» Пуціна (у чым выяўляецца гэтая «мяккасць» - цалкам незразумела) і яго няўважлівасць да ўнутраных спраў краіны.

Адразу некалькі рэгіянальных чыноўнікаў і адзінаросаў, апытаных «Медузай», пацвердзілі, што ў апошнія некалькі гадоў расейцаў сапраўды пачаў турбаваць узрост Пуціна. «Ці не пара пра пераемніка падумаць, можа, пара ўжо адпачыць, патрэбны новы погляд?». - пералічвае пытанні жыхароў адзін з высокапастаўленых рэгіянальных адзінаросаў.

Самі чыноўнікі таксама пачалі па-іншаму ставіцца да Пуціна пасля ягонага сямідзесяцігоддзя. Калі раней суразмоўцы «Медузы» з ліку чыноўнікаў, адзінаросаў, лаяльных уладзе бізнэсоўцаў і паліттэхнолагаў называлі дзейнага прэзідэнта «першым», «галоўным», «вярхоўным» або «татам», то зараз часцей за ўсё называюць яго «дзедам». Адзін з суразмоўцаў, блізкіх да Крамля, на пытанне аб прычынах гэтага адказаў так: «Ну дзед і дзед, гэта ж без негатыву. Узрост у яго такі».

Напісаць каментар 46

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках