У Зэльве судзяць мясцовага прадпрымальніка за «абразу» Лукашэнкі
8- 28.08.2023, 12:37
- 7,746
Пакуль мужчына быў у следчым ізалятары, памерла ягоная маці.
У будынку суда Зэльвенскага раёна 28 жніўня пачынаецца крымінальны працэс у дачыненні да Віктара Ламекі. Яго абвінавачваюць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч.2 арт.367 (паклёп у дачыненні да Лукашэнкі) і ч.2 арт.368 (абраза Лукашэнкі), піша “Вясна”.
Прадпрымальнік з Зэльвы, палітычны вязень Віктар Ламека быў жорстка затрыманы 29 сакавіка і збіты пры затрыманні. Першапачаткова на яго склалі пратакол паводле адміністрацыйнага артыкулу 19.11 КоАП РБ (распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў).
Не даўшы Ламеку нават пакінуць будынак суда, карнікі зноў затрымалі яго і зноў склалі пратакол паводле арт.19.11 КоАП РБ. Калі спадар знаходзіўся ў следчым ізалятары, на яго склалі трэці пратакол.
Пазней стала вядома, што Ламека знаходзіцца ў ізалятары, яму выстаўленае абвінавачанне ўжо паводле крымінальных артыкулаў. Пакуль спадар быў у ізалятары, памерла ягоная маці, піша «Гарадзенская вясна».
Яго ўтрымліваюць у ізалятары места Баранавічаў.
Віктар Ламека вядомы тым, што раней судзіўся з падатковай інспекцыяй і абараняў прадпрымальнікаў з Гарадзеншчыны ў судах рознай інстанцыі.