13 студзеня 2026, aўторак, 19:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расеец патрабуе ад Мінфіна Беларусі 310 тысяч даляраў

10
Расеец патрабуе ад Мінфіна Беларусі 310 тысяч даляраў

Міністэрства прапанавала судзіцца ў Лондане або Менску.

У Маскоўскім гарадскім судзе прайшло пасяджэнне ў справе аб спагнанні з Міністэрства фінансаў Беларусі запазычанасці ў еўрааблігацыях. Беларускае міністэрства намагае пераносу разгляду справы ў Менск або Лондан, заявіўшы, што расейскія суды не могуць разглядаць гэтую справу. Пра гэта паведамляе расейскае выданне РБК.

Нагадаем, вясной гэтага года расеец Аляксандр Марчанкаў звярнуўся ў Маскоўскі гарадскі суд аб спагнанні запазычанасці за каштоўныя паперы Міністэрства фінансаў Беларусі на суму 310 тысяч даляраў.

Размова ідзе аб выплатах за два выданні еўрааблігацый Беларусі з аплатай у 2030 і 2031 годзе, піша РБК са спасылкай на матэрыялы справы. Пазоўнік патрабуе ад Мінфіна Беларусі датэрмінова аплаціць набытыя ім аблігацыі, бо міжнароднае агенцтва Moody's прызнала дэфолт дзяржаўнай запазычанасці краіны. Патрабаванні, якія датычацца датэрміновай аплатыя папер, складаюць 280 тысяч даляраў. Акрамя таго, Марчанкаў патрабуе з беларускага Мінфіна суму ўжо выплачаных за паперы купонаў на суму 17 тысяч даляраў, а таксама просіць выплаціць яму адсоткі за выкарыстанне ягоных грашовых сродкаў і кампенсаваць судовыя выдаткі.

Прадстаўнік Мінфіна Беларусі зазначыў, што Менск не адмаўляецца ад выплат, а робіць іх у беларускіх рублях, спасылаючыся на санкцыі.

Падчас пасяджэння ў справе 28 жніўня прадстаўнік адказчыка, гэта значыць Мінфіна Беларусі, паведаміў, што расейскія суды не могуць разглядаць гэтую справу, і хадайнічаў аб спыненні разгляду справы ў Маскоўскім судзе. Разгледзець спрэчку аб еўрааблігацыях краіны, паводле ягонай заявы, можна ў судзе Лондана, як таго патрабуе першапачатковая эмісійная дакументацыя, паводле якой былі выдадзеныя каштоўныя паперы. У Мінфіне мяркуюць, што такі разбор можна правесці ў Вялікай Брытаніі, нягледзячы на тое, што гэтая краіна ўвяла санкцыі супраць Беларусі.

"Умовы абодвух праспектаў эмісій змяшчаюць арбітражную ўмову, што спрэчкі разглядаюцца згодна з арбітражным рэгламентам Лонданскага арбітражнага суда – LCIA (London Court of International Arbitration. – РБК)", – зазначыў ён.

Як альтэрнатыву прадстаўнік Мінфіна прапанаваў суд у Менску, спасылаючыся на Кішынёўскую канвенцыю аб прававой дапамозе, у якой адзначана, што кампетэнтнымі з'яўляюцца суды, якія знаходзяцца на месцы дзейнасці адказчыка, у гэтым выпадку ў Беларусі.

Імаверна, суддзя не задаволіў хадайніцтва прадстаўніка беларускага Мінфіна, бо наступнае судовае пасяджэнне прызначанае ў Маскоўскім судзе на 6 верасня.

Нагадаем, з лета 2022 года Мінфін Беларусі пачаў выплачваць запазычанасць за еўрааблігацыі ў беларускіх рублях, а не ў валюце, якая была прапісана ў крэдытных кантрактах (зазвычай, далярах). Такую пастанову ў міністэрстве тлумачаць санкцыямі з боку заходніх краін у дачыненні да Нацбанка, а таксама "немагчымасцю заходняй аплатнай інфраструктуры забяспечваць у варунках санкцый давядзенне выплат да ўсіх трымальнікаў еўрааблігацый".

Міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы некалькі разоў фіксавалі дэфолт на асобныя выплаты адсоткаў за крэдыты ў сувязі з тым, што беларускія ўлады парушалі ўмовы кантрактаў і плацілі ў беларускіх рублях, пералічваючы грошы на спецыяльны рахунак у «Беларусбанку».

У 2022 годзе Мінфін заявіў аб датэрміновым выкупе еўрааблігацый за 30% ад наміналу. Планавалася, што сума выкупу не перавысіць сумы еўрааблігацый, якія трэба было аплаціць у 2023 годзе.

Расейскія інвестары з лютага 2023 года скардзіліся, што Мінфін Беларусі не выплачвае запазычанасць за еўрабонды. Яны звярталіся ў Цэнтрабанк РФ і пісалі супольны ліст асабіста міністру фінансаў Беларусі Юрыю Селіверставу. Агульная сума неатрыманых сродкаў складала на пачатак сакавіка 500 млн даляраў.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках