Амерыканскі эксперт: УСУ нанеслі трайны ўдар па РФ, атрымаўшы важную перамогу
7- 28.08.2023, 16:43
- 10,664
Стратэгія Украіны прывяла да разгрому ПВК «Вагнер».
Пасля афіцыйнага пацверджання смерці верхавода ПВК «Вагнер» Прыгожына можна з упэўненасцю казаць аб тым, што Украіна прыняла стратэгічна правільную пастанову зімой абараняць Бахмут. Менавіта гэтая пастанова пасля прывяла да паслядоўнасці падзей, якія справакавалі тры важныя поспехі для Украіны: аслабілі Пуціна, прывялі да разгрому «вагнераўцаў» і сталі прычынай смерці Прыгожына.
Усё гэта значна аслабіла Расею ў сутычцы з Украінай.
Як паведамляе dialog.ua, пра гэта на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Twitter піша амерыканскі гісторык і прафесар стратэгічных даследаванняў у Сэнт-Эндрускім універсітэце, Шатландыя, Філіпс О’Браэн.
«Цяпер, калі Крэмль пацвердзіў гібель Прыгожына, можна катэгарычна сцвярджаць, што пастанова ўкраінцаў ваяваць за Бахмут была слушнай. Страты, панесеныя «Вагнерам», прывялі да расколу Прыгожына з расейскімі вайскоўцамі. Чым больш працяглай была кампанія, тым больш ён злаваўся, і гэта наўпрост прывяло да спробы мяцяжу. Няма Бахмута - няма мяцяжу. Мяцеж не толькі пакалечыў «Вагнера», ён аслабіў Пуціна. Пад Бахмутам «Вагнер» ваяваў адносна паспяхова. Калі б украінцы пакінулі Бахмут, гэта захавала б вялікую колькасць сілаў ПВК, дазволіла б набраць яшчэ, і ўсе яны цяпер ваявалі б з украінцамі. У Расеі былі б рэальныя рэзервы», - адзначае прафесар.
З яго слоў, калі б Украіна вывела войскі з Бахмута, гэта не паскорыла б контрнаступленне, бо ўкраінцам відавочна патрабаваўся ўвесь магчымы час для падрыхтоўкі. Гэта азначае, што ў Расеі было б больш рэсурсаў і для адпачынку, і для падрыхтоўкі да абароны.
Такім чынам, змагаючыся за Бахмут, украінцы разбілі «Вагнера», спрыялі разлютаванасці паміж Прыгожыным і Пуціным, пазбавілі Расею буйных рэзервовых сіл і дадатковых рэсурсаў для таго, каб акапацца. Гэта быў цяжкі выбар, але ён таго каштаваў. Варта таксама дадаць, што, пакалечыўшы «Вагнера» і спрыяўшы мяцяжу, барацьба за Бахмут абярнулася тым, што Пуцін умацаваў пазіцыі Шайгу і Герасімава і пазбавіўся ад Суравікіна, які здаецца значна больш кампетэнтным.
«Я бачыў некаторыя каментары, што ўкраінцы не маглі ведаць, што гэта адбудзецца - вядома, не. Яны не могуць ведаць будучыню. Яны пастанавілі гэта зрабіць, каб прычыніць максімальныя страты расейцам. Менавіта гэтыя страты (наўмысныя) і выклікалі вагнераўскі крызіс. Я бачу некаторыя каментары, што ўкраінцы павінны былі адступіць з горада і акапацца ў сельскай мясцовасці, а «Вагнер» працягваў бы наступ. Ніякіх довадаў гэтаму няма. Расейцы хацелі ўзяць Бахмут для палітыкі. У астатні час яны будавалі абарончыя рубяжы», - падкрэсліў прафесар.