Дзве менскія кампаніі, якія працавалі з «Яндэкс.Таксі», не заплацілі кіроўцам
9- 28.08.2023, 22:45
- 11,956
Размова можа ісці пра сотні супрацоўнікаў.
Дзве менскія кампаніі, якія працавалі з «Яндэкс.Таксі», пакінулі без аплаты кіроўцаў. Размова можа ісці пра сотні супрацоўнікаў. Пра гэта «Люстэрку» расказалі таксісты, якія супрацоўнічалі з гэтымі паркамі. Атрымаць каментары саміх кампаній не атрымалася.
Паводле інфармацыі беларусаў, у ліпені праблемы з выплатамі пачаліся ў фірмы «Універсальная дастаўка», а следам – у «Бамбалбі». Абодва паркі супрацоўнічалі з «Яндэкс.Таксі». Кіроўцы, якія працавалі праз гэтыя паркі, расказалі нам, што кіраўніцтва папярэдзіла кіроўцаў, што банк не можа выдаць ім патрэбную суму з разліковага рахунку, «а тыя грошы, што знялі, ужо раздалі першым кіроўцам, якія прыехалі на офіс». Пазней у кампаніі заявілі, што нехта скраў сродкі з рахункаў кампаніі, у сувязі з чым кіроўцы не змогуць атрымаць належныя ім выплаты.
Неўзабаве пасля гэтага пачаліся падобныя праблемы ў кампаніі «Бамбалбі». Там, паводле інфармацыі кіроўцаў, таксама спачатку спасылаліся на праблемы са зняццем сродкаў з рахункаў фірмы. «А 14 жніўня кіраўніцтва парку з дапамогай тэлеграм-чата праінфармавала праз мэнэджараў, што выплатаў за мінулы тыдзень не будзе, бо грошы скралі такім самым спосабам, як і ў парку «Універсальная дастаўка», – паведаміў чытач. 15 жніўня парк адключылі ад сэрвісу «Яндэкс.Таксі» і на яго перасталі прыходзіць замовы.
«У нейкі момант сказалі, што грошы не будуць выплачаныя, бо іх нехта скраў з рахунку [кампаніі]», – напісаў нам кіроўца Стэфан (імёны ў тэксце змененыя), якому адзін з гэтых паркаў завінаваціўся блізу 700 рублёў.
Другі кіроўца, Валянцін, адпрацаваў з гэтым паркам нядоўга. Але, кажа, як толькі справа дайшла да выплатаў, пачаліся праблемы: «Мэнэджар сказаў, што нібыта парк скралі, і змаглі перааформіць яго на іншага чалавека праз ліпавыя дакументы куплі-продажу».
Парк не выплаціў за адпрацаваны тыдзень з 14 да 20 жніўня. Парк сказаў, што хтосьці праз левыя дакументы кампанію перааформіў на іншага дырэктара – і ўсе грошы пералічылі на іншы разліковы рахунак, – напісаў таксіст Сяргей, які супрацоўнічаў з «Бамбалбі».
Прадстаўнік адной з фірмаў паведаміў, што «шкода нявыплачаных грошай з двух паркаў складае больш за 350 тысячаў беларускіх рублёў».
Чыннікі нявыплатаў у дзвюх кампаніях адрозніваюцца, але ў іх ёсць даволі шмат агульных рысаў. Так, «Універсальная дастаўка», як паведамілі таксістам, змяніла дырэктара і перавяла сродкі на іншы рахунак фірмы. Найманыя мэнэджары сцвярджалі, што да гэтага новага рахунку ў іх няма доступу, таму яны не маглі правесці выплаты, належныя кіроўцам.
У выпадку «Бамбалбі», паводле інфармацыі таксістаў, «нехта скраў фірму». Гэта значыць нібыта хтосьці падманным шляхам перааформіў фірму на новага ўладальніка і пасля гэтага «адвёў» усе грошы з рахункаў кампаніі. Прыкладна пра гэта пішуць удзельнікі тэлеграм-канала «Легальнае таксі РБ». «Парк быў перааформлены на незразумелага чалавека, на гэты момант падаецца заява ў органы», – паказана на скрыншоце, апублікаваным у канале.
Журналісты не змаглі даведацца ў кампаній, ці так гэта: на нумары тэлефона «Універсальнай дастаўкі» ніхто не адказвае. На нумары «Бамбалбі» адказала жанчына, але ўдакладніла, што «больш не мае дачынення да гэтых кампаній».
Дакладная колькасць пацярпелых кіроўцаў нам невядома, паводле розных звестак, гэта можа быць ад 300 да больш як 1000 чалавек.
Што кажуць у «Яндэкс.Таксі»
Вось што ў «Яндэкс.Таксі» адказалі аднаму з кіроўцаў на запыт пра кампенсацыю нявыплачаных паркам сродкаў.

Хто валодае паркамі?
«Універсальная дастаўка» была заснаваная ў 2021 годзе. 6 ліпеня 2023 года ў яе змяніўся склад заснавальнікаў і кіраўнік. Паводле дакументаў, з ліпеня 2023 года фірма належыць кампаніі «БізнэсПлюсПро», якой у сваю чаргу валодае беларус Яўген Іванюк. Аднак нумар тэлефона «Універсальнай дастаўкі» ў дакументах з адзінага дзяржрэгістра паказаны расейскі.
«Бамбалбі» з дакументаў з 14 жніўня гэтага года належыць расейцу Раману Бялову. Да гэтага цягам месяца яна была запісаная на беларуса Мікалая Навіцкага, а са жніўня 2022-га да ліпеня гэтага года яе ўладальніцай значылася Яна Марчык.