Як «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг сталі дзяржаўнымі сымбалямі Беларусі
10- 5.08.2023, 22:25
- 12,678
Гісторыя нацыянальнага гонару.
5 жніўня 1918 года Рада БНР абвясціла герб "Пагоня" і бел-чырвона-белы сцяг дзяржаўнымі сымбалямі.
19 верасня 1991 года на пазачарговай сесіі Вярхоўнага Савета была прынятая новая назва краіны — Рэспубліка Беларусь, а таксама зацверджаныя дзяржаўныя сымбалі — герб "Пагоня" і бел-чырвона-белы сцяг.
Аднак ужо праз 4 гады, на рэферэндуме 1995 года, ініцыяваным Аляксандрам Лукашэнкам, гістарычныя сымбалі свабоднай Беларусі былі пазбаўленыя статусу дзяржаўных і патрапілі пад забарону, пад якой знаходзяцца і цяпер.
Аднак герб "Пагоня" і бел-чырвона-белы сцяг застаюцца адзінымі сапраўднымі нацыянальнымі сымбалямі Беларусі. Наш бел-чырвона-белы сцяг з'явіўся не пазней за пачатак ХVІ стагоддзя, дзе вышэйшая паласа — колер «Пагоні», сярэдняя — спрадвечны колер самога сцяга, а ніжэйшая — колер рыцарскага шчыта на «Пагоні» (адзначым, што апроч белага былі іншыя варыянты колеру шчыта: чырвоны, сіні). Найбольш старажытная выява беларускага сцяга захавалася на палатне, прысвечаным пераможнай бітве нашых продкаў з маскавітамі пад Оршай (1514 год).
Дзяржаўным жа гербам Вялікага Княства з другой паловы ХІІІ стагоддзя стала выява ўзброенага рыцара на кані — «Пагоня». Мяркуецца, што спачатку яна была гербам Полацка, а таксама Наваградка. З пачатку ХV стагоддзя на шчыце "Пагоні" ўжо сустракаецца шасціканцовы крыж з больш кароткай высокай пярэчкай. Такія крыжы былі тыповымі хрысціянскімі сымбалямі ў Беларусі ў ХІ-ХІV стагоддзях. Першыя ж звесткі пра сцягі з выявай "Пагоні" сустракаюцца з часоў Грунвальдскай бітвы (1410 год).