22 лiстапада 2024, Пятніца, 11:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сёння - Дзень нацыянальнага сцяга і герба «Пагоня»

9
Сёння - Дзень нацыянальнага сцяга і герба «Пагоня»

32 гадоў таму яны сталі дзяржаўнымі сімваламі беларусаў.

Сёння - Дзень дзяржаўнага сцяга і герба. 19 верасня 1991 года - найважнейшая дата ў найноўшай гісторыі Беларусі. У гэты дзень герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг сталі дзяржаўнымі сімваламі нашай дзяржавы.

Іх гісторыя налічвае сотні гадоў.

Розныя варыяцыі герба «Пагоня» сустракаюцца з сярэдзіны 10 стагоддзя ў гісторыі шматлікіх народаў, якія жылі на паўднёвым і ўсходнім берагах Балтыйскага мора - ад Даніі да Ноўгарада. Коннік з мячом прысутнічаў на пячатках кіраўнікоў бодрычаў і люцічаў, а таксама князёў Казіміра Апольскага і Аляксандра Неўскага.

Першае пісьмовае згадванне аб выкарыстанні «Пагоні» на тэрыторыі Беларусі сустракаецца ў літоўскіх хроніках у 1278 годзе і звязанае з князем Нарымонтам. Густынскі летапіс кажа аб узнікненні герба ў часы вялікага князя Віценя (1294-1316). Першая візуальная выява «Пагоні» сустракаецца на пячатцы «караля Літвы і Русі» ГедымінаM (1316-1341). Герб прысутнічае і на пячатцы полацкага князя Глеба, датаванай 1330 годам. Была «Пагоня» і на пячатцы вялікага князя літоўскага Альгерда, якой ён змацаваў дамову з польскім каралём Казімірам у 1366 годзе.

Самыя раннія звесткі пра бел-чырвона-белым сцяг таксама належаць да Сярэднявечча. За першае дакументальнае сведчанне яго выкарыстання ўважаецца карціна нямецкага мастака Ганса Крэла 1524 года, прысвечаная Бітве пад Воршай. Таксама бел-чырвона-белы сцяг добра бачны на карціне фламандскага мастака Піцера Снаерса 1619 года, прысвечанай бітве пад Кірхгольмам.

Беларускія даследчыкі браты Іван і Антон Луцкевічы знайшлі ў адным з аль-кітабаў звесткі аб татарскай конніцы, якая брала ўдзел у Грунвальдскай бітве пад бел-чырвона-белым сцягам Вітаўта Вялікага з нашытымі на яго паўмесяцам і зоркай. Менавіта праз прыналежнасць палотнішча выдатнаму вялікаму князю яны пачалі актыўна прапагандаваць яго як гістарычны сцяг беларусаў.

Бел-чырвона-белая сімволіка выкарыстоўвалася ўдзельнікамі нацыянальна-вызвольнага руху XIX - пачатку ХХ стагоддзяў. У 1909-1912 гадах стужкі гэтых колераў ужываліся студэнтамі-беларусамі ў Санкт-Пецярбургу. У 1916 годзе сцяг у выглядзе бел-чырвона-белага палотнішча мела арганізацыя «Сувязь незалежнай Беларусі», якой кіраваў Вацлаў Ластоўскі.

У 1918 годзе была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка, дзе герб «Пагоня» стаў галоўным сімвалам новай дзяржавы нароўні з бел-чырвона-белым сцягам.

19 верасня 1991 года Вярхоўны Савет БССР прыняў Закон «Аб назве Беларускай ССР», у адпаведнасці з якім яна стала называцца «Рэспубліка Беларусь», а дзяржаўнымі сімваламі Рэспублікі Беларусь сталі бел-чырвона-белы сцяг і Герб Пагоня.

За зацвярджэнне «Пагоні», як дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь прагаласавалі 204 дэпутаты, 25 устрымалася і ніхто не прагаласаваў супраць.

Галоўнымі лабістамі новай сімволікі былі партыя «Беларускі Народны Фронт» і сталая камісія ў адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны, на чале якой быў беларускі паэт Ніл Гілевіч.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках