«Нельга чакаць - трэба дзейнічаць»: як беларус пераплыў Нёман, каб уцячы ў Літву
1- 21.09.2023, 10:45
- 6,422
Былы палітычны вязень расказаў, як змянілася ягонае жыццё праз два гады на волі.
Дзяніс Дземух быў затрыманы ў кастрычніку 2020 года пасля "Маршу вызвалення" ў Менску. Суд прысудзіў яго да 1 года і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Да прысуду Дзяніс пабываў у турмах Менска і Жодзіна, а даседжваў свой тэрмін у віцебскай калоніі. Беларус вызваліўся і ўцёк у Літву. Каб патрапіць у суседнюю краіну, хлопцу давялося пераплываць Нёман. MOST запісаў гісторыю беларуса.
Дзяніса затрымалі 4 кастрычніка 2020 года пасля "Маршу вызвалення палітычных вязняў". Пасля адбыцця 13 дзён адміністрацыйнага арышту на волю хлопца не адпусцілі. Яго абвінавацілі паводле арт.342 КК ("Удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак") за падзеі таго дня. Тады людзі пайшлі да муроў ЦІП на вуліцы Акрэсціна і пачалі клеіць на іх фатаграфіі людзей, забітых карнікамі Лукашэнкі падчас пратэстаў, а таксама бел-чырвона-белыя сцяжкі. Дзяніс падсадзіў вышэй хлопца, які заляпіў камеру відэаназірання. За гэта Дзяніса прысудзілі да 1 года і 6 месяцаў калоніі.
27 снежня 2021 года Дзяніс выйшаў на волю з папраўчай калоніі №3 у Віцебску. У зняволенні хлопец знаходзіўся амаль 15 месяцаў. Праз паўгода пасля вызвалення для былога палітычнага вязня ўзнікла пагроза новага арышту, і гэтым разам Дзянісу пагражала ў 10 разоў больш, чым ён ужо правёў за кратамі. У траўні 2021 года хлопцу давялося пільна пакінуць Беларусь.
- Трэба было ўцякаць з краіны, каб не трапіць чарговы раз у турму. Прапанавалі хуткі варыянт па Нёмане — і ў Літву. Далі тыдзень, але потым выявілася, што нельга чакаць і трэба дзейнічаць. Я ўмеў плаваць — маю катэгорыю ў плаванні. Так і паплыў. Думаў, што хутчэй упраўлюся, але на ўсё пра ўсё пайшло пад гадзіну. Плынь мяне несла на літоўскі бок. Быў дождж, але ўжо на другім беразе я адчуў сябе ў бяспецы і пачаў шукаць літоўскіх памежнікаў, каб папрасіць прытулку. Заходзіў да тутэйшых жыхароў у дамы і ў выніку выйшаў на памежнікаў. Так пачалося маё жыццё на эміграцыі.
У Літве Дзянісу выпала падаць заяву на міжнародную ахову, беларускія фонды дапамаглі былому палітычнаму вязню фінансамі на першы час і лячэннем. Неўзабаве беларус знайшоў працу ў Вільні: пачынаў на аўтамыйні, пасля яго запрасілі працаваць у італійскую рэстарацыю.
У 2022 годзе Дзяніс пачаў пісаць кнігу пра беларускую калонію, але не скончыў. У Літве ён займеў сям'ю.
- З рэстарацыі давялося звольніцца, і я пайшоў працаваць на будоўлю. У цёплы перыяд там можна зарабіць больш. Здавалася б, прайшло два гады пасля маіх уцёкаў з Беларусі, але сітуацыя з палітычнымі вязнямі не палепшылася. Тэрор працягваецца, і мы павінны пра гэта гаварыць. Таму цяпер я і наважыў нагадаць усім сваю гісторыю.