У пятніцу кіроўцы змогуць праехацца ў менскім транспарце задарма
4- 21.09.2023, 11:07
- 3,664
А на арэнду ровараў дадуць збаўку.
22 верасня жыхарам Менска дазволяць ездзіць у гарадскім транспарце, у тым ліку метро, без аплаты праезду пры паказе пасведчання кіроўцы і пасведчання аб рэгістрацыі транспарту, паведаміў Менскі гарвыканкам. Робіцца гэта ў межах акцыі "Дзень без аўтамабіля".
Традыцыйна ў Менску ў гэты дзень пройдзе і акцыя "На працу на ровары". Будуць арганізаваныя "энэргетычныя і інфармацыйныя пункты" каля галоўнага ўваходу ў Цэнтральны батанічны сад, каля "Мінск-Арэны" (з боку роварнай дарожкі), на пр.Дзяржынскага, 13 (паркінг), на пр.Партызанскі, 30.
"Тут раварысты або іншыя ўдзельнікі руху, якія выкарыстоўваюць экалагічны транспарт, змогуць пачаставацца садавіной і атрымаць інфармацыйныя матэрыялы аб тыдні мабільнасці і дні без аўтамабіля", — паведаміў Менскі гарвыканкам.
Таксама ў гэты дзень дадуць збаўку на арэнду ровараў дзвюх кампаній. А ў мікрараёнах Менска пройдуць роварныя заезды.
Акцыя "Дзень без аўтамабіля" праводзіцца рэгулярна пачынаючы з 2008 года.