Лера Красоўская: Спадзяюся, што астатнія датычныя пачнуць гаварыць
1- 21.09.2023, 12:08
- 6,386
Дачка зніклага бізнэсоўца пракаментавала суд над Гараўскім.
У Швайцарыі прайшоў суд над былым удзельнікам "эскадрону смерці" Юрыем Гараўскім, які, папрасіўшы прытулку ў Швейцарыі, прызнаўся ў датычнасці да выкрадання і забойства апазіцыйных палітыкаў у канцы 1990-х гадоў — былога міністра МУС Юрыя Захаранкі, старшыні ЦВК Віктара Ганчара і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага.
Госць «Свабоды Premium» — Лера Красоўская, дачка забітага бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, якая два дні правяла ў судовай зале разам з чалавекам, які прызнаўся ў датычнасці да забойства ейнага бацькі.
- Вердыкт будзе вынесены на наступным тыдні. Пракуратура плануе дамагацца для Юрыя Гараўскага трох гадоў турэмнага зняволення, два з якіх будуць умоўнымі. Такі прысуд здаецца вам справядлівым і сувымерным?
- Я не юрыстка. Тэрмін пакарання — задача для суддзі. Асабіста для мяне няма вялікай розніцы, будзе прысуд тры гады або трыццаць гадоў. Для мяне гэта нічога не памяняе. Суд для мяне — вельмі важная падзея, бо гэта першы афіцыйны працэс, пакуль што толькі над адным чалавекам, які быў датычны да выкрадання і забойства майго бацькі.
Калі суддзя наважыць, што Юры Гараўскі вінаваты, гэта будзе літаральна азначаць, што ён расказаў праўду, што ўсё адбылося так, як ён расказаў. Асабіста для мяне гэта значыць, што я магу паставіць кропку: 16 верасня 24 гады таму адбылося менавіта тое, што кажа Гараўскі. Урэшце будзе нейкая пэўнасць у тым, што адбылося. Усе гэтыя гады яе нібы не было.
- У апошнім слове Юрый Гараўскі прасіў прабачэння ў блізкіх і сваякоў загінулых, а таксама сказаў, што калі суд вынесе суровы прысуд, больш ніхто ў свеце не будзе паведамляць аб злачынствах улады. Ці згодныя Вы з ім?
- Ён так сфармуляваў, што калі атрымае вельмі жорсткае пакаранне, то тады ніхто больш нічога не раскажа. Аб раскаянні ён сказаў наступным чынам: я прашу прабачэння ў родных, разлічваючы на мяккі прысуд суда. Літаральна гэта. Я не разумею, як інтэрпрэтаваць гэтую просьбу дараваць. Ці яна была асабовая, ці гэта таму, што ён разлічвае на мякчэйшы прысуд? Цяжка меркаваць, што іншы чалавек мае ў галаве. Па-першае, яго было вельмі дрэнна чуваць. Па-другое, ён сядзеў спінай да ўсіх. Я не бачыла ягонага твару.
- Як Вы пачуваліся ў судзе?
- Я канцэнтравалася на фактах, я хацела добра запомніць, запісаць тое, што для мяне было важнае. Гэта быў мой фокус. Я не мела пачуцця нейкай злосці або чагосьці такога. Я старалася быць у працэсе, усё ўважліва слухаць.
- Вы размаўлялі з Гараўскім? Што сказалі б яму?
- Я не хачу гэтага, не ведаю, што сказаць яму. Як мне падаецца, ён сказаў усё, што хацеў сказаць. Пільнай патрэбы ў асабовай размове я не маю.
- Якія шанцы пасля гэтага суда, што на лаве падсудных апынуцца ўсе адказныя за выкраданне і забойства Красоўскага, Захаранкі, Ганчара, Завадскага?
- Не ведаю. Спадзяюся, што пасля гэтага суда іншыя датычныя да гвалтоўных знікненняў раскажуць сваю частку гэтай гісторыі.