Топ-генералы і афіцэры: Буданаў выкрыў страты РФ ад удару па штабе Чарнаморскага флоту
20- 23.09.2023, 8:05
- 28,596
Лёс начальніка флоту адмірала Сакалова дагэтуль невядомы.
У выніку ракетнага ўдару па штабе Чарнаморскага флоту Расеі ў Севастопалі загінулі сама меней дзевяць чалавек, яшчэ 16, сярод якіх ёсць расейскія генералы, атрымалі раны.
Пра гэта сказаў кіраўнік Галоўнай управы выведкі Мінабароны Украіны Кірыла Буданаў у каментары «Голасу Амэрыкі».
«Сярод параненых — начальнік групоўкі генерал-палкоўнік Раманчук, у вельмі цяжкім стане. Начальнік штаба генерал-лейтэнант Цэкаў знаходзіцца без прытомнасці. Колькасць пацярпелых звычайных вайскоўцаў, якія не з'яўляюцца работнікамі штаба, яшчэ высвятляецца. Гэта вайскоўцы, якія нясуць службу, ахова, і гэтак далей — яны не ўваходзяць у той пералік, які я вам назваў», — сказаў Кірыла Буданаў.

Аляксандр Раманчук — гэта начальнік групоўкі расейскага войска на Запарожскім кірунку, атрымаў ранг генерал-палкоўніка ў 2023 годзе. Алег Цэкаў — камандзір 200-й асобнай мотастралковай брыгады Берагавых войскаў Паўночнага флоту ВМФ Расеі.
Чуткі аб загубе начальніка Чарнаморскага флоту РФ адмірала Віктара Сакалова начальнік украінскай выведкі пакуль не пацвердзіў. Паводле ягоных слоў, інфармацыі пра Сакалова Галоўная ўправа выведкі цяпер не мае.
На пытанне, якую ролю ў планаванні ўдару адыгралі партызаны і тутэйшыя жыхары, Буданаў адказаў, што выведка збірае звесткі з усіх крыніц. "Ясна, што агентурныя крыніцы — адны з асноўных", — дадаў ён.