Экс-камандзіра ПВК «Вагнер», які ўцёк у Нарвэгію, затрымалі падчас спробы вярнуцца ў Расею
18- 23.09.2023, 11:52
- 13,816
У цемры ён спрабаваў патрапіць на Кольскі паўвостраў.
Былы найміт ЧВК Вагнера з Томскай вобласці Андрэй Мядзведзеў, які ў студзені гэтага года пакінуў Расею і папрасіў прытулку ў Нарвэгіі, быў затрыманы ў мінулую пятніцу падчас спробы перайсці мяжу і патрапіць назад у Расею, паведамляе мясцовае выданне The Barents Observer.
Андрэй Мядзведзеў быў затрыманы ў Грэнсэ-Якабсэльвэ — закінутым паселішчы на мяжы з Расеяй, калі ён у цемры спрабаваў патрапіць на Кольскі паўвостраў.
Мясцовая паліцыя пацвердзіла выданню, што быў затрыманы малады мужчына, і яму будзе выстаўленае абвінавачанне ў парушэнні памежных правілаў. Аднак звесткі затрыманага праваахоўнікі не называюць.
Спроба пераходу мяжы адбылася толькі праз некалькі гадзін пасля таго, як Мядзведзеў сустрэўся з журналістам The Barents Observer у цэнтры Кіркенэса.
27-гадовы экс-баец Вагнера тады сказаў, што мерыцца перайсці мяжу і шукае кагосьці з аўтамабілем, хто б яго мог падвезці.
Выданне піша, што ён выглядаў усхваляваным, але ў той жа час спакойным і цвёрдым. Мядзведзеў растлумачыў, што, на ягоную думку, неўзабаве яго экстрадуюць ва Украіну, таму вяртанне ў Расею будзе больш бяспечнай альтэрнатывай.
Неўзабаве пасля размовы ён, відаць, здалеў нейкім чынам дапяць да Грэнсэ-Якабсэльвэ, побач з якім працякае невялікая рака, што падзяляе Нарвэгію і Расею. Няясна, як Мядзведзеў патрапіў у гэты абшар — грамадскі транспарт сюды не ездзіць.
Нагадаем, былы камандзір аддзялення штурмавікоў ПВК Вагнера з Томскай вобласці Андрэй Мядзведзеў нелегальна перайшоў расейска-нарвэжскую мяжу ў Мурманскай вобласці «пад брэх вартавых сабак і стрэлы ў спіну ад супрацоўнікаў памежнай службы ФСБ» яшчэ 12 студзеня. Пасля гэтага ён звярнуўся ў паліцыю Нарвэгіі і папрасіў палітычны прытулак. Мужчына называў сябе камандзірам Яўгенія Нужына, які трапіў ва ўкраінскі палон, а калі з яго вярнуўся, быў паказальна пакараны молатам. Тады ён быў ахвочы даць сведчанні супраць кіраўніка ПВК Яўгенія Прыгожына.