У Магілёве судзяць настаўніка сына экс-міністра аховы здароўя
2- 23.09.2023, 13:09
- 13,680
Лекар праходзіць у «справе артапедаў».
У Магілёве судзяць двух дактароў у «справе артапедаў». Падсудныя —аўтарытэтныя і высокакваліфікаваныя лекары: Алег Абялевіч і Алег Сарнацкі. Абодвух больш за месяц утрымлівалі ў следчым ізалятары, а па вызваленні пазбавілі пасад загадчыкаў аддзяленняў, піша nashaniva.com.
Справу Абялевіча разглядае суд Ленінскага раёна Магілёва. Медыку інкрымінуюць «незаконнае ўзнагароджанне» (2 і 3 частка 433 артыкула Крымінальнага кодэкса).
Гэтае абвінавачанне выстаўляецца дзяржаўным службоўцам, якія за сваю выкананую работу атрымлівалі падзяку маёмаснага характару. Падсуднаму пагражае да 8 гадоў зняволення. Што стала падставай для крымінальнага пераследу медыка, пакуль невядома.
Алега Абялевіча, загадчыка траўматалагічнага аддзялення Магілёўскай абласной бальніцы, супрацоўнікі КДБ затрымалі ў канцы сакавіка 2022 года.
Больш за месяц яго ўтрымлівалі ў следчым ізалятары, а па вызваленні адправілі звычайным траўматолагам у шпіталь хуткай дапамогі.
У траўні 2022 года Абялевіч апынуўся сярод медыкаў, якім Лукашэнка выказаў падзяку «за шматгадовую працу, прафесійнасць і асабовы ўклад у медычную дапамогу насельніцтву».
Алег Абялевіч — доктар траўматолаг-артапед найвышэйшай катэгорыі. Траўматалогіяй Магілёўскай абласной лякарні ён кіраваў некалькі дзясяткаў гадоў. Быў аўтарам інавацыйных метадаў правядзення аперацый замены суставаў і рэгабілітацыі пацыентаў.

Сярод ягоных вучняў быў сын былога міністра аховы здароўя, а цяпер намесніка старшыні Магілёўскага абласнога выканкама Валерыя Малашкі — Антон Малашка.
У панядзелак, 18 верасня, Абялевіч не выйшаў на працу. Тое, у чым абвінавачваюць Абялевіча, калегі называюць абсурдам. Яны характарызуюць яго як сумленнага чалавека і высокакваліфікаванага спецыяліста.
З іхніх слоў, 19 верасня пачалі судзіць і Алега Сарнацкага. Справа разглядаецца Кастрычніцкім судом Магілёва. Што яму інкрымінуюць, ім невядома.
57-гадовага Алега Сарнацкага, як і Абялевіча, затрымалі летась у сакавіку. Тады ён быў загадчыкам артапедычнага аддзялення Магілёўскай лякарні №1. На гэтую пасаду яго прызначылі ў кастрычніку 2012 года.

Пасля вызвалення са следчага ізалятара Сарнацкага адправілі звычайным траўматолагам у Магілёўскую абласную лякарню.
Летась у канцы сакавіка ў краіне было затрымана 35 траўматолагаў. У большасць яны былі кіраўнікамі траўматалагічных аддзяленняў. За кратамі апынуліся таксама прадстаўнікі пяці камерцыйных арганізацый.
Усіх абвінавачвалі ў атрыманні хабару за лабіяванне набыцця эндапратэзаў у замежных вытворцаў, а таксама ў незаконнай грашовай узнагародзе.
Каб выйсці на волю, затрыманыя мелі прызнаць віну, шматразова кампенсаваць прычыненую шкоду і пагадзіцца працаваць там, дзе скажа міністр аховы здароўя.
У красавіку большасць медыкаў была вызваленая. Хто-ніхто змушана стаў прадаваць маёмасць, каб разлічыцца.
«Справа артапедаў» вырасла з таго, што эндапратэзаванне праводзіцца на падставе чаргі, якая ўжо неадпаведна расцягнулася і, у асобных выпадках, перавышае 5 гадоў чакання. Самі пратэзы, якія дзяржава закупляе вялізнымі партыямі, не заўсёды адпавядаюць патрабаванням пацыента.
Яны ў чаканні аперацыі шукаюць альтэрнатыўныя варыянты, і ім прапануюць пазачарговае эндапратэзаванне, але з умовай набыцця пратэза за ўласныя грошы, а набыць можна з невялікага пераліку варыянтаў, якія якраз і пастаўляюцца ў Беларусь толькі прыватнымі фірмамі.
Згодна з беларускім расследавальніцкім цэнтрам, справа супраць артапедаў магла быць распачатая з ініцыятывы прыватнай клінікі "Мэрсі", якую звязваюць з сям'ёй Віктара Лукашэнкі.