27 лiпеня 2024, Субота, 14:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Гэта было як у кіно пра партызан, мы па грыбы нават поўзалі»

18
«Гэта было як у кіно пра партызан, мы па грыбы нават поўзалі»

Грыбнікі распавялі аб сітуацыі ў канцы верасня.

Нарэшце грыбнікі Беларусі дачакаліся восеньскіх грыбоў-апенек. Ужо дзеляцца фоткамі сваіх збораў і падганяюць іншых да паходу ў лес. Журналісты «Ганцавіцкі час» паглядзелі, што яшчэ збіраюць у другой палове верасня 2023 года.

Паход у лес, як у кіно пра партызан

22 верасня 2023 года Руслан Цапко паказваў Аляксандру Шаўцову свае грыбныя месцы ў Налібоцкай пушчы.

«Разам 75 літраў, не менш. Я быў проста ў захапленні ад прыгод. Гэта было як у кіно пра партызан. Мы па грыбы нават поўзалі. Між іншым, недзе побач хадзіў мядзведзь…», - распавёў Аляксандр Шаўцоў у групе грыбнікоў.

Апенькі лезуць!

У розных рэгіёнах з'явіліся апенькі.

Міхась Храмцоў хадзіў у лес 23 верасня ў Полацкім раёне.

«Наведаў пень з апенькамі, які пакінуў у чацвер. Як высветлілася, вакол гэтага пня ўжо і ўсе астатнія ў радыусе 20 метраў пакрыліся апенькамі. Увогуле, сабраў ва ўсе ёмістасці, якія ў мяне былі», - распавёў Міхаіл.

Ёсць апенькі і ў рэгіёнах на поўдзень. Паведамляюць, што прачнуліся першыя апенькі ў Менскім раёне ў Мядзельскім напрамку. У Смалявіцкім раёне ўжо шмат.

Аляксей Строцкі паведаміў, што ў Дзяржынскім раёне на Меншчыне апенек «хоць касой касі». 22 верасня паведамлялі, што пайшлі апенькі і ў Гомельскай вобласці.

Сняжана Чуркіна расказала, што Стаўбцоўскім раёне Менскай вобласці апенькі сустракаюцца як у лесе, так і ў старых высечках.

Але не толькі апенькі

Ігар з Мкнска 22 верасня выбраўся на пару гадзін у лес у Стаўбцоўскі раён - Коласава.

«Грыбны верасень гэтага года б'е рэкорды ў некаторых мясцовасцях. Бабкі і саўякі пруць і адразу вялізнымі сем'ямі. Баравікі заўважаныя таксама, але лакальна і па адным ці парамі - але іх яшчэ трэба пашукаць. Чарвівасць белых дасягае 90%. Заўважаны першыя восеньскія апенькі ў Стаўбцоўскім раёне. Таксама вельмі шмат вужакаў - 5 штук за 2 гадзіны бачыў. 27 верасня Узвіжанне, - і яны ўжо збіраюцца да зімы».

Але ў многіх лясах сухавата.

Зміцер Жалабковіч паведамляе 22 верасня з Лагойскага раёна:

«Грыбы з намаганнямі. Трапляюцца ў асноўным адзінкавыя і нячаста, не стае ім вільгаці. Калі не ленавацца шмат хадзіць, то назбіраць сёе-тое можна».

На Брэстчыне вільгаці таксама не вельмі і многа. Дзесьці збіраюць саўякі. Піша Юры Панасюк:

«Камянецкі раён, пушча, ніводнага белага. Затое на чырвонагаловіках адвёў душу! – падзяліўся Юры, пасля таго, як набраў вядро чырвонагаловікаў.

Не ўсюды грыбное багацце. На Гарадзеншчыне, гавораць, грыбоў мала. Чакаюць дажджу.

«Гародня. Табольская будка+Бушнева. Лес сухі. Хадзілі ў тры нажы. Трохі лісічак. 14 падбярозавікаў, 7 белых, 5 саўякоў, 1 польскі. У суботу чакаем дажджоў і ў панядзелак-аўторак павінны пайсці грыбы масава».

Тое самае пішуць з некаторых рэгіёнаў Магілёўскай вобласці. Маша Нікітка паведамляе з Бабруйска Магілёўскай вобласці:

«Пайшлі першыя грыбныя выведчыкі па сырых, багністых нізінах. Не скажу, што грыбоў шмат, хутчэй адзінкавыя экземпляры, але пры вельмі вялікім жаданні, нешта назбіраць можна. А вось для тых, хто збірае падрэшэтнікі ці казлякі, у мяне выдатная навіна - гэтых грыбоў у лесе вельмі шмат! Можна смела нарэзаць кошык на адным месцы».

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках