27 лiпеня 2024, Субота, 14:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праграміст стварыў версію дадатку для дальнабойшчыкаў на беларускай мове і не спудлаваў

4
Праграміст стварыў версію дадатку для дальнабойшчыкаў на беларускай мове і не спудлаваў

Беларуская агучка карыстаецца папулярнасцю нават сярод носьбітаў іншых моў.

Максім - беларускі IT-прадпрымальнік, вядомы таксама як блогер Злы Дальнабой. Сем гадоў таму ён стварыў дадатак «AntiBAG Тахограф» для кантролю рэжыму працы і адпачынку кіроўцаў. А нядаўна стварыў і агучыў беларускую версію дадатку. MOST пагаварыў з Максімам.

Ідэя стварыць «AntiBAG Тахограф» узнікла, калі Максім сам працаваў кіроўцам-міжнароднікам. За стырном вялікагруза ён сутыкнуўся з шэрагам нязручнасцяў.

- Мне было незразумела, чаму ў міжнародных перавозках - настолькі тэхналагічнай сферы - літаральна ўсе кіроўцы лічаць рэжым працы і адпачынку на паперках. Яны ўвесь час памыляюцца ў падліках і плацяць немаленькія штрафы, - распавядае Максім. - Дальнабойшчыкам трэба памятаць, калі пачаўся іх тыдзень, колькі доўжыўся працоўны дзень і іншыя нюансы, якія рэгламентуюцца Пастановай ЕЗ № 561/2006. Транспартная інспекцыя счытвае звесткі з устаноўленага ўнутры машыны тахографа і правярае ўсё, што рабіў кіроўца апошнія 28 дзён. Калі ён адпачываў хаця б на хвіліну менш, то яго аштрафуюць на суму ад 500 да 1000 еўраў.

Тады Максім стварыў дадатак, які стаў памочнікам кіроўцы. Цяпер колькасць карыстальнікаў складае 117 тысяч па ўсёй Еўропе.

Сутнасць праграмы ў тым, што галасавы асістэнт у фонавым рэжыме гаворыць кіроўцу, што трэба рабіць. Акрамя таго, дадатак паказвае маршрут, пройдзеную адлегласць і хуткасныя рэжымы, як GPS-трэкер. Кіроўца заўсёды можа паглядзець, дзе і з якой хуткасцю ён праязджаў нават год таму. Цяпер, як адзначае распрацоўнік, гэта ўжо вялікі шматфункцыянальны механізм. Да таго ж у яго дадалі галасавы пакет на некалькіх мовах. Агучку і пераклад асістэнта рабілі з дапамогай нейрасеткі.

«Макс, ты ж беларус, чаму не зробіш агучку на беларускай мове?»

Да нядаўняга часу карыстальнікі маглі абраць з чатырох моў: расейскай, украінскай, ангельскай і польскай. А цяпер дадатак стаў і беларускамоўным.

- Галасавы асістэнт на беларускай мове з'явіўся адносна нядаўна і зусім выпадкова, - тлумачыць Максім. — Падчас чарговага суботняга стрыму на маім ютуб-канале падпісчыкі спыталі: «Макс, ты ж беларус, чаму тады не зробіш агучку асістэнта на беларускай мове?» Гэтае пытанне паставіла мяне ў няёмкае становішча.

Максім быў не супраць, хаця ідэя не здавалася відавочнай. Па-першае, узнікла пытанне: ці шмат людзей размаўляе на беларускай мове і хоча мець памочніка менавіта на ёй? Па-другое, Максім сутыкнуўся з праблемай – адсутнасцю беларускамоўнай нейрасеткі.

Першы час ён спрабаваў знайсці прафесійнага актора агучкі, але пасля просьбаў падпісчыкаў надумаў, што ўсе 57 галасавыя блокі агучыць сам. І не памыліўся - продажы дадатка значна выраслі.

- Дзіўна, што беларуская агучка карыстаецца папулярнасцю нават сярод носьбітаў іншых моў. Таму я хацеў бы, каб нашыя моцныя і таленавітыя праграмісты ўзялі мой прыклад і рабілі беларускую лакалізацыю дадаткаў, — кажа Максім.

Цяпер яго невялікая каманда з трох чалавек рыхтуе новае абнаўленне з навігацыяй. Ён кажа, што за сем гадоў існавання «AntiBAG Тахограф» каманда выпусціла больш за 150 абнаўленняў, кожнае з якіх каштуе ад 1 да 10 тысяч еўраў. Але зарабілі больш - блізу мільёна, хоць цяпер заробленыя грошы ўкладваюць у мадэрнізацыю.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках