Палітолаг: Прадстаўнікі рэжыму цудоўна ведаюць, што за імі ўсё запісваюць
8- 26.09.2023, 11:52
- 22,990
За злачынствы давядзецца адказваць.
На фоне расследавання Міжнароднага крымінальнага суда ў дачыненні да прадстаўнікоў Расеі за незаконную дэпартацыю дзяцей з акупаваных тэрыторый беларускія чыноўнікі працягваюць і прывозіць украінскіх дзяцей, і ладзіць з гэтага піяр-кампанію.
У той жа час усе бачылі, якое абурэнне ў Лукашэнкі выклікае нават згадка аб пагрозе міжнародным судом.
Филин папрасіў пракаментаваць дзеянні беларускіх уладаў аб «аздараўленні» украінскіх дзяцей палітолага Анатоля Котава.
- Логіка рэжыму, вядома, не самагубная, але выключна ў моманце: зараз ордэру няма, за папярэднія прыезды дзяцей у Беларусь нічога, акрамя нейкай устурбаванасці, не было - значыць, можна, - тлумачыць суразмоўца.
У цяперашніх беларускіх уладаў ужо ўвайшло ў звычку не пралічваць наступствы ў будучыні.
Другі важны аспект так званага "аздараўлення" ў тым, што праект гэты небязвыплатны. Пад яго выдзяляюцца вялізныя сродкі з бюджэту так званай Саюзнай дзяржавы. Гэта значыць, у моманце - нас не пакаралі, мы на гэтым яшчэ і зарабляем - адны плюсы.
- Няўжо там няма ніводнага чалавека, які б дапусціў “а што, калі…”?
- Праблема ў тым, што людзей, здольных аналізаваць, прыбіраюць, пачынаючы з 2020 года. Таму што падзеі, якія адбываліся і працягваюцца ў нашай краіне, тлумачацца той жа логікай моманту: зараз ёсць заробак і няма пакарання, значыць, працягваем далей у тым жа духу.
Што да ордэру за вываз дзяцей, то, мне падаецца, да самага міжнароднага крымінальнага пераследу рэжым ставіцца сур'ёзна, але яны ўпэўненыя, што адных падстаў, звязаных з дэпартацыяй дзяцей, недастаткова, і расцэньваюць яго выдачу ў дачыненні да беларускага кіраўніка з пункту гледжання палітычнай мэтазгоднасці.
Гэта значыць падставы для выдачы ордэру з'явіліся нават не ў красавіку 2023 года, калі наконт беларускага ўдзелу сталі выходзіць першыя даклады і першая інфармацыя. Дзяцей вывозілі і раней.
Але ордэр на Лукашэнку, нягледзячы на ўсе довады, дагэтуль не выдадзены. Значыць, справа не толькі ў падставах, справа яшчэ ў нейкай палітычнай волі на ажыццяўленне гэтага.
Магчыма, беларускі бок тлумачыць для сябе гэта тым, што мы Расеі дапамагаем, але не ваюем, таму не перайшлі нейкія чырвоныя лініі, пасля якіх можа быць прынятая такая палітычная пастанова.
Логіка гэтых трох аргументаў у пэўным сэнсе развязвае рукі, таму дэманстратыўна будуць вазіць дзяцей.
Адзіны ў гэтай гісторыі ўмоўна пацярпелы - кіраўнік БЧК Дзмітрый Шаўцоў, і то ён пакуль пацярпеў не столькі за дзяцей, колькі за Z-сімволіку.
Таму, думаю, ва ўласнай парадыгме рэжым паступае вельмі рацыянальна. Тое, што за гэта давядзецца некалі адказаць, гэта ўжо іншае пытанне.
Але яны жывуць у такім вымярэнні - адным днём - ужо трэці год, з моманту падзей 2020 года, а па некаторых эпізодах значна раней, яшчэ з канца 90-х.
І за выключэннем распачатага нядаўна суда над Юрыем Гараўскім, адказваць за зробленае не даводзіцца. Нікога не пакаралі, не пасадзілі, не затрымалі за мяжой. Так, дзесьці абмежавалі магчымасць вядзення бізнэсу, але гэта ў гэтым кантэксце як камарыны ўкус.
- Тым не менш, збор дакументаў і доказаў злачынстваў рэжыму Лукашэнкі ў дачыненні і да ўкраінскіх дзяцей, і да саміх беларусаў працягваецца.
- Так, хоць гэта пакуль і не стварыла сур'ёзных перашкод для рэжыму. Працягваецца дакументацыя парушэнняў правоў чалавека, катаванняў у Беларусі.
І прадстаўнікі рэжыму цудоўна ведаюць, што за імі ўсё запісваюць і дакументуюць. Больш за тое, значна больш каштоўнай з юрыдычнага пункту гледжання будзе інфармацыя, якая генеруецца самім рэжымам.
Тамака так ці інакш вядуцца папяровыя ці электронныя журналы. Ёсць сведкі, якія ва ўсім гэтым удзельнічаюць, і многія таксама збіраюць тэчкі адзін на аднаго на ўсялякі выпадак, калі ўлада памяняецца. Нам пра такія факты вядома.