27 лiпеня 2024, Субота, 15:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У пуціністкі Валачковай знайшоўся ва Украіне родны дзядзька

3
У пуціністкі Валачковай знайшоўся ва Украіне родны дзядзька

Жыве без святла і вады ў прыфрантавым сяле.

Прапуцінская балерына Анастасіі Валачковай мае блізкіх родзічаў ва Украіне. Як выявілася, родны дзядзька вядомай расейскай балерыны жыве з жонкай у адным з прыфрантавых сёл Запарожскай вобласці.

Анатоль Валачкоў, паводле ягоных слоў, не мае стасункаў ні з родным братам, які жыве ў Санкт-Пецярбургу, ні з вядомай у Расеі балерынай — сваёй нябогай. Пра гэта мужчына расказаў журналістам «Суспільного».

67-гадовы родзіч Валачковай жыве ў адным з прыфрантавых украінскіх сёл. Разам з жонкай Антанінай мужчына жыве ў старым прыватным доме, куды перабраўся шмат гадоў таму з кватэры ў Запарожжы. Гарадское жыллё давялося здаць у арэнду, бо пенсійных грошай на жыццё не ставала.

Сяло Валачковых увесь час абстрэльваецца, жыхары звыклі да безупыннай кананады. Падчас паветраных трывог муж і жонка хаваюцца ў старым хляве. Жывуць на тое, што вырошчваюць на ўласным агародзе, па ваду даводзіцца ездзіць у суседняе сяло: «Шыбы ад выбухаў пасыпаліся. Без святла жывём з мінулага года, вельмі цяжка. Печкі няма, бо раней карысталіся электрычнай печкай. Балазе хоць прыймальнік ёсць».

Сваю пляменніцу, паводле слоў Анатоля, ён бачыў апошні раз у 2004 годзе, падчас ейнага канцэрта. Валачкоў кажа, што не мог падысці да сваячкі, бо "там была ахова, і свой аўтамабіль мела". У мінулыя гады дзядзька часцей бачыўся з Валачковай, бо «працаваў пяць гадоў у Пецярбургу аўтаэлектрыкам: «Меў магчымасць яе бачыць».

Валачкова, мяркуючы з паведамленняў у ейных сацыяльных сетках, апошні раз у Запарожжы была з выступам у 2012 годзе. Ура-патрыётка паведаміла, што ўсе ейныя крэўныя па мячы адтуль родам. Але пералічыла — дзеда, бабу і бацьку, пра роднага дзядзьку — не ўспомніла. Дзядзька, мяркуючы з ягонага аповеду, таксама ўважае за лепшае не згадваць пра нябогу, якая падтрымала крамлёўскую агрэсіўную палітыку ў дачыненні да Украіны.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках