Расeйцы масава ўцякаюць з Севастопаля пасля ракетных нападаў: у гатэлях засталося максімум 10% турыстаў
10- 26.09.2023, 15:00
- 8,542
Мясцовыя "ўлады" запэўніваюць, што "панікі няма".
Некалькі дзён запар у анэксаваным Расеяй украінскім Крыме чутныя гукі выбухаў - УСУ спрабуюць выгнаць акупантаў з паўвыспы. Былі траплянні па штабе Чарнаморскага флоту РФ у акупаваным Севастопалі. Акрамя ліквідацыі захопнікаў, удалося таксама напалохаць расейскіх турыстаў, паведамляе «Обозреватель».
Як перадаюць расейскія профільныя выданні, «трывожная абстаноўка ў Севастопалі не спрыяе і без таго кволай турыстычнай плыні ў горад». Так, паводле ацэнак прадстаўнікоў турбізнэсу Крыма, у мясцовых гатэлях засталося не больш за 10% турыстаў.
З 22 верасня загрузка гатэляў у Севастопалі скарацілася ўдвая. У акупаваных Ялце, Алушце, Судаку і Феадосіі сітуацыя крыху лепшая, але таксама прыкметна пагоршылася. А вось у Еўпаторыю, Сакі і Мікалаеўку, што на Заходнім беразе, расейцы ехаць не жадаюць - баяцца “бавоўны”.
Тыя 10% жыхароў у гатэлях Севастопаля - гэта пераважна мясцовыя жыхары. Менавіта крымчукі, як адзначае крыніца, складаюць зараз асноўны кантынгент гатэляў. Аднак яны, зразумелая рэч, надоўга тамака не затрымаюцца, таму прадстаўнікі крымскага турбізнэсу ламаюць галаву, як завабіць да сябе наведвальнікаў і не страціць грошы. Крымчукам прапануюць розныя выгадныя пакеты, каб хоць неяк утрымаць у гатэлях.
І пакуль у гатэлях пустуе 90% нумароў, мясцовыя «ўлады», прытрымліваючыся стандартнай інструкцыі крамлёўскай прапаганды, запэўніваюць: “панікі няма” і “ўсё пад кантролем”.
“Арганізаваныя турысты ў горадзе ёсць, але іх няшмат. Размешчаны ў асноўным каля мора, не ў цэнтры Севастопаля. Да тураператараў турысты, якія знаходзяцца на курорце, не звярталіся. Гатэлі функцыянуюць у звычайным рэжыме, турынфраструктура Севастопаля працуе штатна. Тураператары рэкамендуюць турыстам часова не выязджаць у цэнтр горада і выконваць меры засцярогі”, – заяўляе Асацыяцыя тураператараў Расеі.
Нагадаем, у часова захопленым Расеяй Крыме ўвечары 25 верасня было неспакойна. Пасля начных выбухаў на вуліцах акупаванага Севастопаля і іншых гарадоў раздаваўся сігнал паветранай трывогі. Людзі выйшлі са сваіх дамоў у пошуках сховішчаў, аднак яны былі замкнутыя.
Грымелі выбухі ў горадзе і раніцай 23 верасня. Паводле інфармацыі “Крым.Рэаліі”, у некаторых жыхароў праз выбухную хвалю дрыжалі шыбы ў вокнах.
А да гэтага ўвечары 21 верасня ў анэксаваным Крыме таксама прагучалі магутныя выбухі - у выніку ў Севастопалі успыхнуў пажар. Выбухі паўтарыліся на наступны дзень. Высветлілася, што па штабе Чарнаморскага флоту РФ быў нанесены ракетны ўдар.