Мядзведзеў заявіў аб гатоўнасці Расеі да вайны з NATO
128- 26.09.2023, 18:40
- 19,792
Намеснік старшыні Савета бяспекі РФ зноў пачаў пагражаць Захаду.
Заходнія краіны пакідаюць Расеі ўсё менш выбару і штурхаюць Маскву да наўпроставага ваеннага канфлікту з NATO, заявіў намеснік старшыні Савета бяспекі РФ Дзмітрый Мядзведзеў.
«Відавочна, што Расеі пакідаюць усё менш выбару, акрамя наўпроставага канфлікту з NATO на зямлі, які ператварыўся ў адкрыта фашысцкі блок кшталту гітлераўскай восі, хоць і большага памеру. Мы гатовыя», - напісаў у сваім тэлеграм-канале Мядзведзеў.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што «вынік будзе дасягнуты са значна большымі стратамі для чалавецтва, чым у 1945-м».
Да гэтага Мядзведзеў абвінавачваў ЗША і ЕЗ у набліжэнні трэцяй сусветнай вайны, бо яны «заахвочваюць тэрор» у прыгранічных рэгіёнах Расеі. У той жа час ён нагадваў, што пераможцаў у новым глабальным вайсковым канфлікце быць не можа.
Ён прапаноўваў скончыць вайну ва Украіне падпісаннем мірнай дамовы альбо ядзерным ударам і наракаў на тое, што расейскае ўварванне ва Украіну магло б скончыцца за некалькі месяцаў, калі б ЗША і іншыя краіны NATO не пастаўлялі Кіеву зброю.
Памочнік прэзідэнта ЗША ў нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван у траўні гэтага года тлумачыў, што ЗША, дапамагаючы Кіеву з узбраеннямі, адсочваюць рэакцыю Масквы, каб не дапусціць эскалацыі.
«Базавая ўстаноўка прэзідэнта [ЗША Джо Байдэна] палягае ў тым, што мы маем намер рабіць усё магчымае, каб падтрымаць Украіну, якая абараняе свой суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць. І мы таксама маем намер дзейнічаць такім чынам, каб пазбегнуць трэцяй сусветнай вайны», - казаў Саліван.