26 снежня 2024, Чацвер, 17:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Штаб, які ідзе за расейскім караблём

5
Штаб, які ідзе за расейскім караблём
Уладзімір Халіп

Так скончыўся недалужны пуцінскі бліцкрыг.

Верасень — здрадны месяц. Нібыта і сонечна, і ўсцяж яшчэ цёпла. У гарадской мітусні, у прасветах лістоты ды ігліцы часам мільгае ўсцяж сіняе мора. Гэта Крым. Яшчэ доўжыцца бабіна лета. У цэнтры Севастопаля кіруе аўтамабілем паня і дзеліцца з кімсьці гарачымі навінамі. Ды які тут адпачынак! Кагадзе недзе зусім побач трахнула ракета. Дымам засланіла неба. Да месца выбуху ўжо ляцяць пажарныя разлікі. Туды ж — аўтамабілі хуткай дапамогі. Не злічыць. Гэта колькі ж там параненых!

Міністэрства абароны РФ, ацаніўшы сітуацыю, паспяшалася супакоіць відавочцаў і за адным скрыпам прадухіліць магчымую паніку. Сапраўды, па Севастопалі УСУ нанеслі ракетны ўдар. Дзве ракеты патрапілі ў будынак штаба Чарнаморскага флоту. Сярод цывільнага насельніцтва пацярпелых няма. Паранены адзін вайсковец. Увогуле, звычайны інцыдэнт, нічога сур'ёзнага. Пазней удакладнілі: вайсковец не паранены, а знік без вестак. Можа быць, ён наогул недзе ў хованцы, а то і ўцёк. Вернецца. Адседзіць на гаўптвахце. І працягне службу.

Мясцовы губернатар таксама паспяшаўся адзначыцца на фоне катастрофы. З'явілася інструкцыя, як належыць паводзіць сябе ўсякім адпачывальнікам ды іншай публіцы ў выпадку ракетнага налёту. Дакумент стагоддзя. Найважнейшы пункт амаль ніякіх надзей не пакідаў. «Схавайцеся ў пакоі з апорнымі сценамі, сеўшы на падлогу пры апорнай сцяне на значнай адлегласці ад вокнаў». Дзівосная парада. Толькі так і можна ацалець пры раптоўнай паветранай трывозе. За савецкім часам таксама быў вядомы дакладны алгарытм паводзін пры пагрозе атамнага выбуху. Парада не менш карысная. Агарнуцца белай прасціной і ўпэўнена паўзці ў бок могілак. Але гэта быў усяго толькі анекдот. А тут — інструкцыя.

Удар па штабе флоту быў нанесены ў суботу апоўдні. А ў панядзелак там жа нешта зноў грымнула. Толькі гарадскія службы ўжо не рэлаксавалі. І ўсюдыісны губернатар паспяшаўся ўсіх супакоіць: гэта мясцовыя майстры бураць пашкоджаныя канструкцыі разбуранага штаба. Вось толькі ранейшы рэлакс насуперак намаганням улад ужо не вярталася. Глыбокі тыл у адно імгненне стаў пярэднім краем.

У той жа дзень украінскія сілы спецаперацый распаўсюдзілі ўласную інфармацыю аб ракетным удары па штабе Чарнаморскага флоту. Паводле апошніх звестак у выніку атакі загінулі 34 афіцэры і 105 параненыя. У ліку загінулых — начальнік Чарнаморскага флоту контр-адмірал Віктар Сакалоў. Як заяўляў раней начальнік выведкі УСУ Кірыл Буданаў, аперацыя рыхтавалася доўга і старанна. У ёй удзельнічалі не толькі вайскоўцы, але і партызаны, і тутэйшыя жыхары. Аперацыя насіла кодавы назоў "Пастка для краба". Вядома, вынікі аперацыі яшчэ будуць удакладняцца. І нейкія дэталі стануць даступныя ўжо ў найбліжэйшыя дні. А нешта — толькі пасля вайны.

Але так або інакш, гэта зруйнавальны ўдар па Чарнаморскім флоце, які ў гэтым ганебным паходзе спрэс забыўся на марскія традыцыі. І з волі крамлёўскага чэкіста ўзяў на сябе ганебныя функцыі карніка. Жылыя кварталы Адэсы, Херсона, Мікалаева і іншых украінскіх местаў наўрад забудуцца калі-небудзь на гук ракет, якія прылятаюць з Чорнага мора. Падрабязны спіс злачынстваў гэтага паслужлівага флоту яшчэ абвесцяць на будучым трыбунале. А класічнае апраўданне "я выконваў загад" страціла свае выратавальныя ўласцівасці яшчэ ў часы Нюрнбэржскага працэсу.

На што разлічвала камандаванне, збіраючыся такім легкадумным гуртам у штабе флоту? Былі ўпэўненыя, што Севастопаль — гэта глыбокі тыл? Ці проста забыліся, што акупант на захопленай тэрыторыі — заўсёды на прыцэле? Шмат для каго гэтая нарада стала кропкай у кар'еры. І ніякія казкі міністэрства пра зніклага без вестак вайскоўца ужо нікога не падмануць. Велізарны пралом прабіты ў найвышэйшым камандным складзе флоту.

У расейскіх публікацыях на гэтую тэму настойліва падкрэсліваецца, што страты будуць імгненна запоўненыя. Ёсць цудоўна падрыхтаваныя кадры ўсіх спецыяльнасцяў і рангаў. І на баяздольнасці флоту гэта не адаб'ецца. А як жа інакш! Вось толькі чаму тады дзіркі на франтах даводзіцца похапкам затыкаць спехам набранымі і ўсякімі іншымі мобікамі. Што значыць спехам падрыхтаваць простага акопніка-пяхотніка з Ванькам-звязовым у дадатак? А што гаварыць аб найскладаных марскіх прафесіях. Пагатоў пра найвышэйшы камандны склад. Вось проста так сядзяць на жэрдцы і чакаюць, калі пакліча іх на вахту Пуцін. А ён пакліча. Конча. Бо мае план. І ўсё ідзе паводле гэтага плану.

Яшчэ ў першы год гэтай вайны падышло да вострава Змяінага лютае судна. І нехта гыркнуў адтуль у рупар: «Я — расейскі карабель!..» Гэта быў ультыматум — страхотны, імперскі. Украінскі памежнік адказаў трапна: "Расейскі карабель, ідзі на…". Так скончыўся недалужны пуцінскі бліцкрыг. Можна было змотваць вуды.

У акваторыі Чорнага мора ўжо становіцца няўхільна кільватэрная калона. На чале, натуральна, флагман — магутны і страхотны крэйсер Масква . У гэтым шыхце самыя розныя караблі. Падводныя лодкі. Нават катэры. Замыкае калону вялікі дэсантны карабель з ганарлівай назвай "Мінск". Усім здавалася, што менавіта гэтае судна будзе апошнім у шыхце. Але не, не выпала такое шчасце. У мінулую суботу прысунуўся ўпэўнена і заняў сваё законнае месца белы, быццам цеплаход, штаб Чарнаморскага флоту. Усяму надыходзіць свой час. Аддадзеныя канцы. Эскадра зданяў пакідае Крым.

І гэты курс ужо не зменіць ніхто.

Уладзімір Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках