Барыслаў Бэрэза: У Крамлі можа паўтарыцца аперацыя «Валькірыя»
13- 27.09.2023, 18:57
- 20,840
У Расеі дастаткова шмат людзей, якія ненавідзяць Пуціна.
Украінскія мэдыі паведамілі, што ўдар па штабе Чарнаморскага флоту ў Севастопалі, падчас якога загінулі дзясяткі акупантаў, дапамагалі наводзіць расейскія афіцэры.
Ці шмат расейцаў пайшло на супрацоўніцтва з Украінай? Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з украінскім палітычным дзеячам, экс-дэпутатам Вярхоўнай Рады Барыславам Бэрэзам:
- На сённяшні дзень нікога не здзіўляе, што расейцы выкарыстоўваюць сітуацыю для свайго магчымага ўзбагачэння або выратавання свайго жыцця. Калі мы бачым, што расейскі гелікаптэр у выніку аперацыі ГУВ трапляе з Расеі ва Украіну, калі мы бачым, што расейскія афіцэры ахвочыя браць грошы, якія могуць забяспечыць жыццё іхнім сем'ям, а ім выжыць, а наўзамен забяспечваюць навядзенне ўдараў па штабе Чарнаморскага флоту Расейскай Федэрацыі, мы разумеем, што гэта сістэмная з'ява.
Больш за тое, вялікая колькасць расейцаў абсалютна не ўспрымаюць гэтую вайну як вайну справядлівую і сумленную. Таму яны мяркуюць, што ім прасцей застацца жывымі і зарабіць на тым, што Пуцін вядзе вайну супраць Украіны. Такія расейцы мяркуюць, што калі прэзідэнт РФ зарабляе разам са сваімі алігархамі, то чым яны горшыя. Ім пляваць на сваіх таварышаў са службы, ім пляваць на расейскія слоганы пра вайну, ім пляваць на ўсё, акрамя свайго выжывання і свайго забеспячэння. Расейцы так будуць дзейнічаць і надалей.
Давайце шчыра гаварыць: інфармацыю аб знаходжанні якога-небудзь падраздзялення ці склада ад расейцаў мы атрымліваем ужо даўно. Калі я служыў ва УСУ на Запарожскім кірунку, расейскія афіцэры перадалі за ўзнагароду інфармацыю аб знаходжанні склада ў Токмаку, які быў потым знішчаны.
- Чаму гэта адбываецца, якія прычыны можна назваць?
- Можна меркаваць, што ёсць нейкая ўнутраная фронда або інтэграваныя ў расейскае войска апазіцыянеры. Але болей у гэтым выпадку, я падазраю, што галоўную ролю грае менавіта ўзбагачэнне. Калі б гэта была проста ўнутраная фронда, то грошы б яны не бралі за навядзенне на штаб.
Але ёсць дастаткова вялікая колькасць людзей, якія ў Расеі ладзяць дыверсіі на чыгунцы, дапамагаюць знаходзіць або падпальваюць прадпрыемствы, якія з'яўляюцца часткай абароннага комплексу РФ. Расейскія грамадзяне актыўна падказваюць пункты, па якіх трэба біць беспілотнікам або выведна-дыверсійным групам. Гэта сведчыць толькі пра адно — у Расеі дастаткова шмат людзей, якія з нянавісці да Пуціна, ягонага рэжыму і распачатай вайны абсалютна задарма ахвочыя дапамагаць Украіне. Украіна гэтым карыстаецца, і ўдзячная такім людзям.
- Ці можа ў пэўны момант такі калабарацыянізм расейцаў стаць адным з вызначальных чыннікаў у перамозе Украіны над акупацыйным войскам?
- Я б не казаў, што гэта калабарацыянізм, гэта болей рух супраціву. Хачу нагадаць, што падчас Другой сусветнай вайны нават у нацысцкай Нямеччыне быў антыфашысцкі рух, у які таксама ўваходзілі і прадстаўнікі вайсковых эліт. Можна згадаць тую ж аперацыю "Валькірыя", калі афіцэры нямецкага войска спрабавалі забіць Гітлера і спыніць вайну. Такія сітуацыі магчымыя і цяпер.
Рана або позна яны могуць стварыць пэўны ўнутраны рух, які неяк дапаможа Украіне яшчэ хутчэй перамагчы Расею. Але ўлічваючы, што Расея — гэта таталітарная паліцыйная дзяржава, дзе ўсё пад наглядам, маю вялікія сумневы, што ім выпадзе трансфармавацца ў вялікую сілу.
Аднак прынцып тысячы парэзаў ніхто не касаваў. Калі ахвяры нанесці шмат дробных парэзаў, яна абяскроўліваецца, стамляецца і падае параненая. Таму тут тое самае будзе адбывацца: чым больш будзе такіх расейцаў, тым больш будзе такіх парэзаў, тым хутчэй скончыцца вайна. Такім чынам, менш будзе ахвяр з абедзвюх старон. Так што ў інтарэсах расейцаў дапамагаць Украіне і скончыць гэтую вайну падзеннем пуцінскага рэжыму.