Палітолаг: Жырыноўскі ўжо піў шампанскае за здароўе Трампа, але эфект для расейцаў быў адваротным
9- 27.09.2023, 15:08
- 10,934
ФОТА: УКРІНФОРМ
Стаўцы Крамля не наканавана спраўдзіцца.
Міністр абароны РФ Сяргей Шайгу заявіў, што разлічвае закончыць вайну ва Украіне да 2025 года. На што спадзяецца Расея?
Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з вядомым украінскім палітолагам, кіраўніком Цэнтра прыкладных палітычных даследаванняў "Пента" Уладзімірам Фясенкам:
- Я ўжо некалькі месяцаў кажу аб тым, што з розных ускосных прыкмет відаць, што Расея зацягвае вайну да прэзідэнцкіх выбараў у ЗША. Нагадаю, што яны павінны адбыцца ў пачатку лістапада наступнага года, а новы прэзідэнт уступае ў паўнамоцтвы ўжо ў канцы студзеня 2025-га.
У Расеі відавочна спадзяюцца на тое, што на выбарах у ЗША пераможа Дональд Трамп, а тады можна будзе з ім дамовіцца на сваіх умовах. Стаўка робіцца менавіта на гэта.
У наступным годзе ў ЕЗ таксама будуць выбары, але імавернасць змены палітычнай кан'юнктуры ў Еўразвязе і ключавых еўрапейскіх краінах малаверагодная. Таму галоўная стаўка робіцца менавіта на ЗША, адсюль і 2025 год ад Шайгу.
- Сапраўды, адна з тэзісаў расеійскай прапаганды - з Трампам будзе лягчэй дамовіцца. Ці можа прыход да ўлады рэспубліканцаў прывесці да таго, што дапамога Украіне скароціцца?
- Яна можа скараціцца або можа вагацца, але наўрад ці будзе спыненая цалкам. Многае будзе залежаць ад канкрэтнай вайсковай і палітычнай сітуацыі.
Што тычыцца надзей Расеі на Трампа, то, нагадаю, што ён ужо быў прэзідэнтам ЗША са студзеня 2017-га да студзеня 2021-га. Трамп ужо тады не хаваў сімпатыі да Пуціна, хацеў з ім дамовіцца. Ён крытычна ставіўся да Украіны яшчэ таму, што многія ўкраінскія палітыкі ў 2016-ым годзе не хавалі сваіх сімпатый да Гілары Клінтан, якая была апаненткай Трампа.
Дарэчы, калі Трамп перамог на выбарах, памятаю, як нябожчык Уладзімір Жырыноўскі адчыняў шампанскае, піў за яго здароўе. Што ж здарылася фактычна? Як ні парадаксальна, менавіта за Трампам Украіна атрымала смяротную зброю. Прычым не проста нейкія там аўтаматы ці боепрыпасы, а супрацьтанкавыя ракеты Javelin.
Гэта не таму, што Трамп раптам рэзка палюбіў Украіну. Не, гаворка ідзе пра нацыянальныя інтарэсы ЗША і палітычную кан'юнктуру. Трампу трэба было паказаць, што ён не расейскі агент, а працуе ў інтарэсах сваёй краіны. Яго ж галоўны лозунг быў Make America Great Again («Зробім Амерыка зноў велічнай»). Вось ён і паказаў такім чынам велічнасць Амерыкі. Як бачым, Трамп можа быць розным.
Яшчэ адзін прыклад: Трамп шчыра хацеў і спрабаваў дамовіцца з Пуціным. Было некалькі сустрэч, шматгадзінныя перамовы. А што ў выніку? Многія думалі, што за Трампам адбылося наймацнейшае пагаршэнне амерыкана-расейскіх стасункаў пасля Карыбскага крызісу. Пачалі скарачаць дыпламатычны персанал, закрываць консульствы і гэтак далей.
Таму перамога Трампа далёка не гарантуе, што ЗША адразу ж дамовяцца пра мір ва Украіне на расейскіх умовах. Можа быць зусім іншая сітуацыя. Трэба ўлічваць, што ў рэспубліканскай партыі вельмі шмат уплывовых прыхільнікаў Украіны. І ў Сэнаце, і ў Кангрэсе.
Так, там ёсць крыло супраціўнікаў дапамогі Украіне, якія мяркуюць, што трэба сканцэнтравацца толькі на ўнутраных справах ЗША, будаваць мур на мяжы з Мексікай. Тут трэба ўлічваць, што традыцыйна ў рэспубліканскай партыі заўсёды было моцным такое крыло, якое выступала за дэманстрацыю актыўнай ролі ЗША ў свеце. Яны падтрымлівалі актыўную замежную палітыку ЗША.
- Што ў гэтай сітуацыі можна чакаць ад Кітая?
- ЗША ўзмацняюць супрацьстаянне з Кітаем, як і Кітай з ЗША. Гэта значыць, тэма стасункаў Кітая і Расеі будзе тут прысутнічаць. Гіпатэтычна ўявім, што Трамп прыходзіць да ўлады. Расейцы кажуць: «Мы гатовыя дамаўляцца. Націсніце на Украіну, прымусьце іх, каб яны прызналі акупаваныя тэрыторыі расейскімі, а мы гатовыя спыніць ваенныя дзеянні».
Па-першае, Украіна на гэта не пагодзіцца. Па-другое, Трамп жа не можа пайсці на мір на расейскіх умовах. У ЗША такое не зразумеюць, гэта выкліча супраціўленне нават у рэспубліканскай партыі.
Думаю, што і вайскоўцы, і дыпламаты, Дзярждэпартамент таксама будзе супраць такой пазіцыі, як яны і раней былі супраць саступак Расеі. Бо гэта не адпавядае інтарэсам ЗША. Трамп, напэўна, можа запатрабаваць ад расейцаў скарачэння стасункаў з Кітаем, а гэта не ў інтарэсах РФ. Яна адмовіцца ад гэтага. Навошта тады Трампу ісці на саступкі Расеі?
Гэта вось як магчымы сцэнар, які зняпраўджвае простую логіку, што калі Трамп прыйдзе да ўлады, то абавязкова хутка дамовіцца на расейскіх умовах. Не. Гэта не гарантавана. Сітуацыя можа развівацца па-рознаму. Галоўная праблема - у нестабільнасці, несістэмнасці, непрадказальнасці Трамп. Ад яго можна чакаць чаго хочаш.
Аднак замежную палітыку ЗША вызначае не толькі прэзідэнт, але і дзяржаўныя інстытуты: Дзярждэп, вайсковыя ведамствы, бізнэс, палітычны клас. Мяркую, што пакуль рана рабіць высновы. Тым больш, мы не ведаем, хто пераможа на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША ў наступным годзе.
Падкрэслю, нават калі Трамп і пераможа, то я б не спяшаўся з высновамі, што ён будзе дзейнічаць у інтарэсах Расеі. Ён будзе дзейнічаць у інтарэсах ЗША, а яны не плануюць аднабаковых саступак Расеі