15 студзеня 2026, Чацвер, 0:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З Беларусі масава з'язджаюць кваліфікаваныя працаўнікі

11
З Беларусі масава з'язджаюць кваліфікаваныя працаўнікі

Адток кадраў дасягнуў пікавых значэнняў.

Міграцыя з Беларусі цяпер знаходзіцца на пікавых значэннях за ўсю сучасную гісторыю краіны.

Даследаванне аб міграцыі беларусаў у Нямеччыну, Латвію, Літву, Польшчу і Эстонію да і пасля 2020 года палітолаг Андрэй Казакевіч прэзэнтаваў падчас XI Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі, які прайшоў у Гданьску 22-24 верасня. Deutsche Welle пераказала ключавыя высновы.

Найбольшая шчыльнасць беларусаў — у Літве

Цікавасць да даследаванняў дыяспары моцна вырасла пасля 2020 года, раней такіх сістэмных даследаванняў міграцыі беларусаў практычна не было.

— Пасля 2020 года было шмат дыскусій наконт таго, колькі беларусаў пакінула краіну. Таму мы наважылі пачаць гэты цыкл даследванняў, каб разумець, як ідуць міграцыйныя працэсы. Пагатоў ніколі раней такога культурнага і палітычнага ўплыву дыяспары на працэсы ў Беларусі не назіралася, — патлумачыў на прэзэнтацыі ў Гданьску палітолаг Андрэй Казакевіч.

Вывучалі міграцыю ў пяць краін: Нямеччыну, Латвію, Літву, Польшчу і Эстонію. Звесткі, паводле слоў палітолага, збіралі з афіцыйных крыніц і ад дзяржаўных органаў кожнай краіны.

- Акрамя таго, мы звярталіся ў іншыя агенцтвы, напрыклад, у службу занятасці, каб атрымаць інфармацыю аб беларусах на рынку працы, — патлумачыў Казакевіч.

Звесткі ў даследаванні пададзеныя на канец 2022 года.

Калі глядзець на шчыльнасць жыхарства беларусаў, то Літва лідэруе з вялікім адрывам — 17 чалавек на тысячу насельніцтва ў Літве.

- Толькі ў Літве беларусы маюць сур'ёзную дзель у міграцыі, блізу 40% ад усіх мігрантаў. На такім фоне становяцца зразумелымі апошнія дыскусіі ў Літве, маўляў, беларусы не так разумеюць гісторыю. Беларусы напраўду прыкметныя ў гэтай краіне, — тлумачыць палітолаг.

У Польшчы паказчык шчыльнасці беларусаў — 5,8 на тысячу насельніцтва, у Эстоніі — 2,3, у Латвіі — 1,4, а ў Нямеччыне — 0,3.

Лічбы на гістарычным максімуме

На канец 2022 года ў Польшчы жыло 200 тысяч беларусаў, у Літве — 48 тысяч, у Нямеччыне — 28 тысяч.

Андрэй Казакевіч падкрэслівае, што ва ўсіх краінах дынаміка міграцыі пазітыўная, а лічбы знаходзяцца на гістарычных максімумах.

- Цяпер мы назіраем пік замежнай міграцыі, і гэта новы феномен для сучаснай Беларусі. Самы паказальны рост у Літве: да 2017 года тут пражывала 5-6 тысяч беларусаў, а ў 2023 годзе — блізу 60 тысяч, рост у 12 разоў.

Акрамя таго, даследаванне паказала, што рост колькасці мігрантаў пачаўся не пасля 2020 года, як усе мяркуюць, а пасля 2017 года.

- Гэта асабліва відаць у Польшчы і Літве, і звязана з эканамічнымі праблемамі ў Беларусі, а таксама са спрашчэннем доступу на рынак працы для пэўных катэгорый работнікаў з Беларусі, — тлумачыць палітолаг.

Беларусь пакідаюць збольшага кваліфікаваныя работнікі ад 25 да 40 гадоў, і прычыны для эміграцыі ў іх часцей эканамічныя.

Пасля 2020 года з'ехала 180 тысяч?

Гаворачы аб міграцыі пасля 2020 года, Андрэй Казакевіч зазначае, што дакладныя лічбы пазначыць цяжка, але можна зафіксаваць калідоры гранічных значэнняў. Паводле ягоных ацэнак, з краіны пасля 2020 года з'ехала блізу 180 тысяч чалавек. У Літву — ад 19 да 24 тысяч, у Польшчу — 120-140 тысяч, блізу паўтары тысячы прыпадае на Латвію і Эстонію, а ў Нямеччыну пасля 2020 года пераехала блізу 4-5 тысяч беларусаў.

Што да тых, хто пераехаў менавіта з палітычных прычын, дакладнай статыстыкі, паводле Казакевіча, няма.

- Не заўсёды зразумела, што ўважаць за «палітычную міграцыю», акрамя таго, не ўсе краіны даюць гуманітарныя ДнЖ або даюць статыстыку аб гуманітарных ДнНЖ, — кажа палітолаг. Паводле экспертнай ацэнкі, грунтаванай на інтэрвію з арганізацыямі, якія працуюць з мігрантамі, за палітычных можна ўважаць ад 30 да 50 адсоткаў тых, хто з'ехаў.

— Траціна — гэта тыя, хто сапраўды быў пад пагрозай, а палова — тыя, хто засцярогся, — кажа палітолаг.

Астатнія, як расказаў Казакевіч, мелі або эканамічныя, або мяшаныя прычыны для ад'езду.

70% беларускіх мігрантаў у Нямеччыне — жанчыны

Як паказала даследаванне, Нямеччына не з`яўляецца папулярнай краінай для эміграцыі беларусаў. На канец 2022 года ў краіне жыло блізу 28 тысяч беларусаў (без уліку тых, хто ўжо атрымаў нямецкае грамадзянства).

Пасля 2020 года ў Нямеччыну з краіны з'ехала параўнальна невялікая колькасць чалавек (4-5 тысяч), з іх 2 тысячы — з палітычных прычын.

— Магчыма, далей лічбы будуць расці, але ў Нямеччыну беларусам складана патрапіць, — кажа аўтар даследавання.

Нямеччына вылучаецца сярод іншых паддоследных краін у некалькіх парамэтрах. Так, у Нямеччыне найбольшы адсотак беларусаў-мігрантаў (56,9%) мае сталы дазвол на жыхарства (СМЖ), для параўнання: у Літве з СМЖ жыве толькі 5% беларусаў, а ў Польшчы — 16,5%. Акрамя таго, Нямеччына лідэруе ў колькасці мігрантаў-жанчын. Дзель жанчын сярод мігрантаў з Беларусі складае 70%, у той час як у Польшчы і Літве — блізу 25-30%.

— Гэтая сітуацыя ў цэлым характэрная для Заходняй Еўропы. Ёсць міграцыя з сямейных абставін, жанчыны выходзяць замуж. Але і адсотак студэнтак у Нямеччыне таксама 70%. Трэба таксама ўлічваць структуру занятасці: у Польшчы і Літве больш будаўнікоў, у той час як у Нямеччыне сярод беларусаў шмат лекарак і медсясцёр, — кажа даследчык.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках