Крэмль адмовіўся верыць, што NATO пашыраецца з віны Пуціна
20- 27.09.2023, 16:46
- 16,586
ФОТА: GETTY IMAGES
Пяскоў адказаў Клінтан.
У Крамлі не пагадзіліся са словамі экс-дзяржсакратаркі ЗША Хілары Клінтан аб адказнасці прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна за пашырэнне блока NATO. У сваёй заяве яна рытарычна звярнулася да расейскага лідара, піша The Moscow Times.
«Абарона дэмакратыі ва Украіне, пашырэнне NATO – на жаль, Уладзімір. Ты сам у гэтым вінаваты», - падкрэсліла Клінтан. З яе слоў, менавіта паводзіны Масквы заахвоцілі краіны Усходняй Еўропы далучыцца да альянсу.
Прэс-сакратар прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў адказаў на гэтыя абвінавачванні, адзначыўшы, што Клінтан спрабуе падмяніць паняцці: «Трэба нагадаць спадарыні Клінтан усё ж шматлікія хвалі пашырэння NATO і набліжэння вайсковай інфраструктуры альянсу да нашых межаў». Ён нагадаў, што Пуцін прапанаваў пайсці на дыялог і зафіксаваць дамоўленасці, але сутыкнуўся з адмовай з боку краін Захаду. Гэтыя падзеі, са слоў Пяскова, сталі адной з прычын уварвання ва Украіну.
Клінтан падчас выступу ў Белым доме падкрэсліла, што NATO пашыраецца толькі праз жаданне краін уступіць у блок і ніхто не стаў чальцом альянсу супраць волі: «Мы заўсёды казалі: «Людзей не прымушаюць уступаць у NATO. Людзі выбіраюць і хочуць уступіць у NATO».
Генеральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг таксама выказаўся з гэтай нагоды, падкрэсліваючы, што NATO не праводзіць агрэсіўнае пашырэнне на ўсход. «Не, гэта Усход жадае далучыцца да NATO», - сказаў ён 21 верасня падчас выступу ў Нью-Ёрку, назваўшы такую пастанову «дэмакратычнай і свабоднай».
Масква рэгулярна называе пашырэнне NATO пагрозай сваёй бяспецы. Прэзідэнт Уладзімір Пуцін казаў, што Паўночнаатлантычны альянс падмануў Расею, парушыўшы абяцанне не прасоўвацца на ўсход «ні на дзюйм». «Сказалі адно, зрабілі іншае. Як у нас кажуць у народзе, кінулі, ну проста падманулі», - скардзіўся кіраўнік дзяржавы.