Расейцаў пачнуць саджаць на 9 гадоў за незаконны збор грыбоў
15- 27.09.2023, 18:30
- 15,788
Пакаранне супастаўнае з самымі цвёрдымі артыкуламі Крымінальнага кодэкса РФ.
У Расеі з 12 кастрычніка пачне дзейнічаць новы артыкул Крымінальнага кодэкса 260.1, які прадугледжвае турэмныя тэрміны за незаконны збор раслін і грыбоў, занесеных у Чырвоную кнігу.
Адпаведныя папраўкі прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін зацвердзіў у красавіку гэтага года. Згодна з дакументам, за наўмыснае знішчэнне, пашкоджанне, збор, захоўванне, набыццё, перасылку, перавозку або продаж рэдкіх раслін і грыбоў будуць саджаць на чатыры гады са штрафам да 1 млн рублёў. Аналагічныя дзеянні з выкарыстаннем службовага становішча пры іх публічнай дэманстрацыі ў інтэрнэце ці СМІ пагражаюць шасцю гадамі калоніі і штрафам да 2 млн рублёў.
Максімальны тэрмін - 9 гадоў са штрафам да 3 млн рублёў - можна атрымаць за незаконнае абарачэнне чырвонакніжных раслін і грыбоў з выкарыстаннем СМІ і інтэрнэту, калі дзеянні ажыццяўляліся ў складзе арганізаванай групы або паводле папярэдняй змовы.
Пакаранне супастаўнае з самымі цвёрдымі артыкуламі Крымінальнага кодэкса РФ. Напрыклад, за забойства грамадзяне Расеі могуць атрымаць ад 6 да 15 гадоў турмы.
Паколькі правапрымяняльная практыка паводле новага артыкула адсутнічае, пакуль складана казаць пра тое, каму можа пагражаць зняволенне, сказала адвакатка Татэвік Чугурян у каментары «Ленте.ру». На яе думку, кваліфікаваць канкрэтны эпізод будуць у залежнасці ад сумы прычыненай экалагічнай шкоды, а таксама ад формы віны і грамадскай небяспекі.
«Да прыкладу, дзеянні грыбніка-пенсіянера, які выпадкова зрэзаў грыб, што ўваходзіць у зацверджаны [урадам] пералік, не ўтвараюць складу злачынства», — адзначыла адвакатка. У той жа час яна заклікала дачакацца тлумачэнняў, якія «традыцыйна выкладаюцца ў Пастановах пленума і Аглядах Вярхоўнага Суда».
Аўтары законапраекта сцвярджалі, што да адказнасці будуць прыцягваць толькі за злачынства, учыненае з наўмысным намерам, а не па неасцярожнасці. Так, у тлумачальнай запісцы прыводзіліся выпадкі масавага знішчэння чырвонакніжных раслін і грыбоў, якія валодаюць лекавымі ўласцівасцямі, у мэтах наступнага збыту ў сумежных краінах. Сярод іншага гаворка ішла аб незаконнай здабычы і кантрабандзе ў Кітай кораня жэньшэню сапраўднага (Panax ginseng).
Чырвоная кніга ахоўвае 670 відаў аб'ектаў расліннага свету. З кветак туды занесены ландыш майскі, падснежнік каўказскі, фіялка надрэзаная, валяр'яна аянская. З дрэў - хвоя крэйдавая, лістоўніца ольгінская, елка Глена. З грыбоў - вешанка семгава-саламяная, мухамор шышкападобны, перцавы грыб рубінавы, труфелі летні і бургундскі.