Пхеньян вярнуў ЗША амерыканскага жаўнера, які ўцёк у КНДР
12- 27.09.2023, 19:15
- 8,834
Шараговец быў перададзены прадстаўнікам ЗША на тэрыторыі Кітая.
Улады Паўночнай Карэі выслалі з краіны вайскоўца ЗША, шарагоўца Трэвіса К. Расследаванне ў дачыненні да жаўнера скончанае, ён прызнаўся, што незаконна пракраўся на паўночнакарэйскую тэрыторыю, паведамляюць дзяржаўныя СМІ КНДР у сераду, 27 верасня.
Трэвіса К. ужо перадалі прадстаўнікам Злучаных Штатаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Кітая, піша агенцтва AP са спасылкай на неназваных прадстаўнікоў амерыканскіх уладаў. Прадстаўнікі ЗША падзякавалі Швэцыі і КНР за дапамогу ў яго вызваленні, паказвае dpa.
Міністэрства абароны ЗША 18 ліпеня паведаміла, што амерыканскі вайсковец падчас наведвання дэмілітарызаванай зоны наўмысна перайшоў дэмаркацыйную лінію паміж Паўднёвай і Паўночнай Карэямі. Амерыканскі бок і дзейнае пад эгідай ЗША Камандаванне ААН у Паўднёвай Карэі заявілі, што будуць супрацоўнічаць з паўночнакарэйскімі сіламі для высвятлення абставінаў інцыдэнту і матываў мужчыны.