ISW: УСУ здзейснілі магутны прарыў на лініі Рабоціна-Вярбовае
2- 28.09.2023, 7:36
- 20,620
Украінскія войскі з панцырнай тэхнікай уварваліся на пазіцыі расейцаў.
27 верасня ўкраінскія войскі выйшлі на лінію акопаў на захад ад Вярбовага (16 км на паўднёвы ўсход ад Арэхава) і здзейснілі прарыў на гэтым сэктары расейскай абароны.
Як паведамляе Інстытут вывучэння вайны (ISW), геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 26 верасня, паказваюць, як расейскі беспілотнік наносіць удар па ўкраінскай пяхоце ў траншэі на захад ад Вярбовага. Тое, што расейцы ўжылі БЛА, сведчыць аб тым, што расейскія сілы выбітыя са сваіх акопаў даўжынёй прыкладна адзін кіламэтар на захад ад Вярбовага.
Гаўляйтэр Запарожскай вобласці Уладзімір Рогаў 26 верасня заявіў, што сама менш чатыры ўкраінскія роты са значнай колькасцю панцырнай тэхнікі ўварваліся на пазіцыі расейцаў на лініі Рабоціна-Вярбовае пасля магутнага артылерыйскага абстрэлу.
Расейскі ваенны карэспандэнт, які горача падтрымлівае начальніка Паветрана-дэсантных войскаў РФ генерал-палкоўніка Міхаіла Цяплінскага, крытыкуючы Мінабароны РФ, адказаў Рогаву, што ўкраінскія войскі ўжо мінулі мінныя палі і супрацьтанкавыя ўмацаванні «зубы цмока» на лініі Рабоціна-Вярбовае і што ўкраінскія сілы рана або позна здзейснілі б такія атакі.

Аналітыкі адзначаюць, што яшчэ адзін расейскі вайсковец 26 верасня заявіў аб інтэнсіўных узаемных абстрэлах, якія робяць небяспечнымі наземныя дзеянні на гэтай восі. Іншы акупант адказаў на гэтую заяву, заявіўшы, што асабістая крыніца з расейскага 108-га палка ПДВ (7-я дывізія) паведаміла аб інтэнсіўным украінскім абстрэле ў гэтым абшары. Ён дадаў, што іхняя крыніца падала незразумелую інфармацыю аб тым, ці рухаўся гэты полк да Вярбовага або адыходзіў з Вярбовага.
Расейскае вайсковае камандаванне ў Маскве скасавала планы перадыслакацыі расейскай 106-й дывізіі ПДВ у ваколіцы Рабоціна для ўзмацнення падраздзяленняў 7 і 76 дывізій.
Як адзначае ISW, сітуацыя каля Вярбовага застаецца незразумелай, бо вядомыя расейскія ваенныя блогеры сталі прыкметна менш і не так падрабязна паведамляць пра расейскую актыўнасць на гэтай лініі фронту, таксама не паведамляюць навіны пра расейскія няўдачы.