У Жыткавіцкім раёне прадаюць маёмасць былой ракетнай часткі
3- 28.09.2023, 9:51
- 3,268
Летась там упершыню за доўгі час пачала фіксавацца актыўнасць.
Каля вёскі Чарацянкі Жыткавіцкага раёна прадаюцца ангары былой вайсковай часціны ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння. У 2022 годзе тут упершыню за доўгі час пачала фіксавацца актыўнасць, піша «Флагшток».
На электроннай гандлёвай пляцоўцы Беларускай універсальнай таварнай біржы выстаўленыя на продаж два ангары, якія знаходзяцца ва ўласнасці ААТ "Жыткавіцкі маторабудаўнічы завод". Пачатковая цана таргоў за два ангары плошчай 81,3 і 93,9 кв.м складае 5,6 тысячы BYN. Патэнцыйны пакупнік зможа выкарыстоўваць будынкі для спецыялізаваных складоў, гандлёвых баз, а таксама для вытворчага прызначэння або аўтамабільнага транспарту.
ААТ "Жыткавіцкі маторабудаўнічы завод" быў утвораны ў 1980 годзе на базе былой вайсковай зенітна-ракетнай часціны. Побач з прадпрыемствам размяшчаліся стартавыя ўстаноўкі 369-га ракетнага палка стратэгічнага прызначэння. У 1994 годзе полк быў зняты з баявога дзяжурства, а яго ўзбраенне было перадыслакаванае ў Расейскую Федэрацыю.
У 2022 годзе на тэрыторыі былой вайсковай часціны было заўважанае правядзенне будаўнічых работ. Праз касмічныя здымкі можна выявіць зробленае руйнаванне малапавярховых пабудоў былой вайсковай часціны. Характар змен не дае падставы сцвярджаць аб аднаўленні былога вайсковага селішча.
