Нагорны Карабах афіцыйна спыніў сваё існаванне
17- 28.09.2023, 9:58
- 10,986
Прэзідэнт непрызнанай «рэспублікі» падпісаў указ.
Непрызнаная "Рэспубліка Арцах" (Нагорны Карабах) з 1 студзеня 2024 года спыніць сваё існаванне. Указ аб гэтым падпісаў т.зв. кіраўнік Нагорнага Карабаха Самвел Шахраманян.
Капітуляцыя "Арцаха" адбылася пасля вераснёўскай антытэрарыстычнай аперацыі, праведзенай Азербайджанам. Ва ўказе Шахраманяна сказана, што пастанова была прынятая «ў сувязі з ваенна-палітычнай сітуацыяй».
«У сувязі са складанай ваенна-палітычнай сітуацыяй, грунтуючыся на прыярытэце гарантавання фізічнай бяспекі і жыццёвых інтарэсаў народа «Арцаха», улічваючы дамоўленасць, дасягнутую пры пасярэдніцтве камандавання расейскага «міратворчага» кантынгенту з прадстаўнікамі Азербайджанскай Рэспублікі аб тым, што забяспечваецца вольны, ахвотны і бесперашкодны праезд жыхароў Нагорнага Карабаха, у тым ліку вайскоўцаў…» – сказана ў тэксце.
Усе дзяржаўныя органы і падлеглыя ім арганізацыі будуць распушчаныя. Жыхарам рэгіёну, якія не з'ехалі ў Арменію, прэзідэнт прапанаваў пазнаёміцца з умовамі "рэінтэграцыі", прадстаўленымі Азербайджанам. Колькасць уцекачоў у Арменію з Нагорнага Карабаха перавысіла 50 000 чалавек.
Адначасова "міністр замежных спраў НКР" Давід Бабаян прыняў пастанову здацца азебайджанскім уладам. Менавіта Бабаян быў апошнія гады галоўным вяшчальнікам "НКР".