Гарадзенскі Плюшкін давёў сваё жыллё да шакавальнага стану
14- 28.09.2023, 18:38
- 18,754
Слабанервным лепш не глядзець.
Калі вы толькі паелі ці збіраецеся, калі вы моцна ўражлівы, то лепш не ўключайце гэта відэа. Проста пачытайце матэрыял, і ўсё зразумееце.
У адным са шматпавярховікаў на вуліцы Дзяржынскага жыхары пакутуюць праз нядбайнага суседа. Мужчына зладзіў з кватэры гэтакую сумесь сметнішча, памыйніцы і нават свінарніка. Глядзіце, шпалер на сценах няма, мэбля ў жудасным стане. Усюды бруд і з'едкі, якія валяюцца ў самых нечаканых месцах.

Відэа зняў адзін з суседзяў, які зайшоў заклікаць мужчыну да парадку. Гук у відэа давядзецца прыбраць, бо візіцёр не скупіцца на эпітэты. «Смурод такі, што дыхаць немагчыма. Прычым, пранікае гэты пах да ўсіх суседзяў. Ідзе праз стаякі і вентыляцыю. Прусакі таксама паўзуць у суседнія кватэры. Што з ім рабіць, мы не ведаем?», - кажа чытач Newgrodno.by, які даслаў гэта відэа.
Усім гэтым актыўна карыстаюцца прусакі. Гэтыя кузуркі даслоўна паўсюль. Вось яны пазапаўнялі талерку з недаедзеным абедам…
Кажуць, што гаспадар «забівае» не толькі на санітарны стан. 1,5 гады таму ў кватэры здарыўся пажар. Тады цудам ніхто не пацярпеў, але цяпер суседзі жывуць, як на парахавой бочцы.
З падобнай праблемай сутыкнуліся і жыхары дома на вуліцы Касцюшкі (гэта адносна новая забудова ў раёне Шчорса і Пралетарскай). У гэтым шматпавярховіку таксама адзначаецца нашэсце прусакоў і блашчыц, зладзіцца з якім сваімі сіламі немагчыма.
Што рабіць жыхарам? Адзначым, што на відэа бачнае парушэнне правілаў карыстання жылымі памяшканням. Праўда, гэты факт мусяць зафіксаваць камунальныя службы. Таму трэба пісаць і звяртацца ў ЖЭС, а калі гэта не працуе, то ў вышэйшыя інстанцыі. Варта расказаць аб праблемным суседзе і міліцыі, і санітарнай службе, і нават адміністрацыі раёна. Калі на папярэджанне ад службаў мужчына не адрэагуе, то яго на пастанову суда могуць і зусім выселіць з кватэры.