У Мінабароны Беларусі заявілі аб парушэнні дзяржмяжы польскім верталётам
10- 28.09.2023, 19:06
- 4,616
Інцыдэнт нібыта адбыўся сёння.
У Мінабароны Беларусі заявілі аб парушэнні дзяржмяжы польскім верталётам. Адзін раз ён заляцеў углыб беларускай тэрыторыі да паўтара кіламетра, другі раз — на 300 метраў.
У Мінабароны заявілі, што 28 верасня а 15.02 сродкамі радыёлакацыйнага выяўлення ВПС і войскаў СПА было зафіксавана набліжэнне паветранага судна Польшчы да беларускай мяжы.
Блізу 15.20 паветранае судна перасекла мяжу Беларусі, паглыбіўшыся на далёкасць да паўтара кіламетра. А 16.22 хвіліны верталёт паўторна парушыў дзяржаўную мяжу, паглыбіўшыся на 300 метраў.
«Інфармацыя пацверджаная звесткамі аб'ектыўнага кантролю. У сувязі з гэтым узнімалася дзяжурная авіяцыя. Цяпер устанаўліваюцца абставіны здарэння, вайсковым ведамствам ва ўзаемадзеянні з МЗС рыхтуецца адпаведная нота», — гаворыцца ў паведамленні беларускага вайсковага ведамства.
Беларускі і польскі бок апошнім часам не раз папракалі адзін аднаго ў парушэнні паветранай мяжы вайсковымі верталётамі.
Нагадаем, 1 жніўня ў небе над польскім сялом Белавежа ў Падляшскім ваяводстве ля польска-беларускай мяжы заўважылі беларускія вайсковыя верталёты. У Аператыўным камандаванні Узброеных сіл Польшчы запэўнівалі, што парушэнні паветранай прасторы зафіксавана не было, але вечарам 1 жніўня Міністэрства абароны Польшчы заявіла аб тым, што парушэнне паветранай прасторы краіны беларускімі вайсковымі верталётамі ўсё ж было. У МЗС Польшчы выклікалі часовага паверанага ў справах Беларусі. Беларусь зняпраўдзіла абвінавачанні ў парушэнні паветранай прасторы Польшчы.
А ўдзень 1 верасня беларускія пагранічнікі зафіксавалі парушэнне паветранай прасторы Беларусі з боку Польшчы ў Бераставіцкім раёне Гарадзенскай вобласці. Як заявілі ў ведамстве, польскі вайсковы верталёт Мі-24 на вельмі малой вышыні перасек дзяржаўную мяжу, заляцеў на глыбіню да 1200 метраў на тэрыторыю Беларусі, а потым вярнуўся назад. МЗС Беларусі выклікала часовага паверанага ў справах Польшчы ў Беларусі Войцэха Філімановіча, ад якога запатрабавалі «адпаведных тлумачэнняў і правядзення ўважлівага расследавання інцыдэнту». Пазней у МЗС Польшчы заявілі, што польскі бок прааналізуе сітуацыю ў сувязі з паведамленнямі аб парушэнні беларускай мяжы польскім верталётам. У Варшаве адмаўляюць абвінавачанні ў тым, што верталёт ВПС Польшчы мог заляцець на тэрыторыю Беларусі. Пазней міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін выказаў меркаванне, што польскі верталёт перасёк мяжу выпадкова - праз нізкую якасць падрыхтоўкі польскіх пілотаў.