Варшава аспрэчыла сцвярджэнні Менска пра парушэнне польскім гелікаптэрам мяжы Беларусі
2- 28.09.2023, 20:23
- 3,722
Гэта пацвярджаюць запісы кіравання палётам і радыёлакацыйнай станцыі.
У Варшаве назвалі хлуснёй заявы Менска, што польскі гелікаптэр парушыў паветраную мяжу з Беларуссю. Пра гэта заявілі ў Аператыўным камандаванні ўзброеных сілаў Польшчы.
У паведамленні пазначана, што заява беларускага боку пра нібыта перасячэнне мяжы польскім гелікаптэрам «з'яўляецца хлуснёй».
«Гэта пацвярджаюць запісы кіравання палётам і радыёлакацыйнай станцыі – гэтага не было», – заявілі ў Варшаве.
Там таксама адзначылі, што да інфармацыі, якая падаецца беларускім рэжымам, заўсёды трэба ставіцца з асцярожнасцю і абачлівасцю, «паколькі яна часта з'яўляецца элементам правакацыі і дэзынфармуе грамадскасць».
«Войска Польскае, насуперак няспынным правакацыйным дзеянням Рэспублікі Беларусь, нязменна выконвае ўсе палажэнні і правілы, якія датычацца непарушнасці межаў», – адзначылі ў польскай установе.
Нагадаем, 28 верасня ў Мінабароны Беларусі заявілі пра парушэнне дзяржмяжы польскім гелікаптэрам – адзін раз ён заляцеў углыб беларускай тэрыторыі да паўтара кіламетра, другі раз – на 300 метраў.