У Беларусі створаная другая база «дармаедаў»
29- 29.09.2023, 7:48
- 21,398
Звесткі для яе дае Дзяржаўны памежны камітэт.
У верасні ў Беларусі абнавілі базу «дармаедаў». Гэта робяць адзін раз на квартал: хто не можа пацвердзіць занятасць, трапляе ў пералік утрыманцаў. Аднак высветлілася, што чыноўнікі паралельна вядуць яшчэ адну базу «дармаедаў», якую абнаўляюць раз на месяц. Прычым звесткі для яе падае Дзяржаўны памежны камітэт.
Базу не занятага ў эканоміцы насельніцтва абнаўлялі апошні раз у верасні. Інфармацыю ў ёй актуалізуюць адзін раз на квартал. У гэтым месяцы ў базу ўключылі тых, хто не змог пацвердзіць занятасць за красавік - чэрвень гэтага года. Утрыманцам, у якіх ёсць ва ўласнасці жыллё, выстаўляюць па поўных тарыфах аплаты за газазабеспячэнне, ацяпленне і гарачую ваду.
Аднак чыноўнікі, як высветлілася, паралельна вядуць другую базу «дармаедаў». Яе абнаўляюць штомесяц, а ўключаюць у яе тых, хто з'ехаў за мяжу больш, чым на 30 дзён. Звесткі ў гэтую базу падае Дзяржпамежкамітэт. Пра гэта распавялі ў «дармаедскай» камісіі Лідскага раёна.
Нагадаем, «дармаедамі» лічацца тыя, хто з'ехаў за мяжу больш як на 30 дзён, нават калі працуе ці вучыцца за мяжой. Але тут ёсць выключэнне, гэта не тычыцца тых, хто працуе або праходзіць навучанне ў краінах ЕАЭС — Расеі, Казахстане, Арменіі, Кыргызстане. Яшчэ выключэнне - выезд на лячэнне або ў службовую выправу.