14 студзеня 2026, Серада, 6:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

CМІ: Пуцін дазволіў Кадыраву пабудаваць мячэць у Маскве пасля збіцця зняволенага

CМІ: Пуцін дазволіў Кадыраву пабудаваць мячэць у Маскве пасля збіцця зняволенага

Гаспадар Крамля «заахвоціў» кіраўніка Чачэніі.

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін не стаў караць кіраўніка Чачэніі Рамзана Кадырава за тое, што яго 15-гадовы сын Адам збіў жыхара Валгаграда Мікіту Журавеля, арыштаванага за падпальванне Карана. Відэа гвалту апублікаваў сам кіраўнік рэспублікі, адзначыўшы, што ён ганарыцца ўчынкам свайго дзіцяці.

Па выніках незапланаванай сустрэчы Пуціна з Кадыравым высветлілася, што кіраўнік дзяржавы, наадварот, заахвоціў яго, ухваліўшы будаўніцтва мячэці ў Маскве, у раёне Паўднёвае Бутава, паведамляе The Moscow Times.

«Упэўнены, што гэтую навіну цёпла ўспрымуць не толькі мусульмане сталіцы, але і ўсе вернікі. Я ўдзячны Уладзіміру Уладзіміравічу за такі каштоўны падарунак», - напісаў Кадыраў у сваім тэлеграм-канале, удакладніўшы, што мячэць будзе пабудаваная на вуліцы імя яго бацькі Ахмата Кадырава.

Пры гэтым кіраўнік Чачэніі не згадаў, ці абмяркоўваў Пуцін з ім дзеянні ягонага сына. Паводле слоў Кадырава, акрамя адабрэння будаўніцтва мячэці, прэзідэнт пахваліў чачэнскія ўзброеныя падраздзяленні за «поспехі» на вайне ва Украіне «і рашучы настрой у выкананні пастаўленых задач».

Раней Кадыраў апублікаваў відэа, на якім ягоны сын Адам збівае безабароннага арыштанта Журавеля. Ніякай рэакцыі ад праваахоўных органаў на гэты ролік не было. Спікер Крамля Дзмітрый Пяскоў адмовіўся каментаваць збіццё.

Кіраўнік Рады правоў чалавека Валеры Фадзееў заклікаў выконваць правілы ўтрымання арыштаваных у СІЗА. Таксама ён выказаў надзею на справядлівую пастанову ў дачыненні да Журавеля.

Упаўнаважаная ў правах чалавека ў Расеі Таццяна Маскалькова зрабіла акцэнт на тым, што знішчэнне свяшчэнных кніг — грамадска небяспечнае дзеянне, якое абражае пачуцці мільёнаў вернікаў. Аднак «якое б страшнае злачынства ні ўчыніў чалавек», ён павінен адказваць за яго «перад судом паводле закону», падкрэсліла Маскалькова, таксама нагадаўшы аб правілах утрымання ў СІЗА.

Сам сын Кадырава апублікаваў у Instagram сваё фота, суправадзіўшы яго каментаром: «Можаш пляткарыць, ненавідзець, зайздросціць і абмяркоўваць мяне. Але мы ж абодва разумеем, што пры сустрэчы ты будзеш мне міла ўсміхацца».

На думку палітолага Абаса Галямава, Пуцін і Кадыраў паказалі, што ім пляваць на меркаванне расейцаў. «Ім здаецца, што менавіта ў гэтым сіла і палягае. <…> Праблема толькі ў тым, што на гэты раз яны плююць не толькі на меркаванне прыхільнікаў апазіцыі. Яны плююць і на абурэнне «расейскіх патрыётаў», і на незадаволенасць шараговых абывацеляў. <…> Бо відавочна, што гісторыя, калі «расейскага хлопца» аддалі на разарванне чачэнцам і тыя з яго публічна здзекуюцца, не спадабаецца ў Расеі нікому — ну акрамя хіба што тых, каму ўхваляць Пуціна належыць па пасадзе», — адзначыў Галямаў.

Палітолаг мяркуе, што гэта прывядзе да «далейшага адчужэння грамадзян ад рэжыму», паколькі «ў вачах пераважнай большасці ўсё гэта выглядае так, быццам Кадыраў літаральна выцірае аб Расею ногі, а Пуцін яму ў гэтым падыгрывае».

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках