«40 гадоў адлічваў грошы ў фонд, а атрымліваў пенсію тры месяцы»
15- 29.09.2023, 10:20
- 15,644
Беларуска раскрытыкавала пенсійную сістэму на адным прыкладзе.
Чытачка сайта Charter97.org расказала, чаму беларуская пенсійная сістэма не вытрымлівае ніякай крытыкі:
- Днямі ездзіла разам з мужам у Менск – трэ было ўпыніць пэўныя справункі. Даўней мы заўсёды спыняліся ў сталіцы ў дзяцей. Але цяпер нашы дзеці жывуць у Польшчы – былі вымушаныя перабрацца з палітычных прычын. Таму абначавалі ў сталіцы ў мужавай сястры – Паліны.
Цётка Паліна ўжо пенсіянерка, усё жыццё адпрацавала на фабрыцы. Яна кабета ўвогуле неблагая, але вельмі простая ў тым сэнсе, што ані не цікавіцца складанымі рэчамі – мастацтвам і палітыкай, напрыклад. Таму з ёй зазвычай балакаем пра вельмі простыя рэчы – надвор’е, цэны, пенсіі… Апошняя тэма Паліну зацікавіла ў нечаканым для нас аспекце.
- А што гэта, Рэгіначка, твае дзеці ўсё за мяжу ездзяць? Як жа яны на пенсію заробяць?
Ну што можна было адказаць такой простай аж да наіўнасці сваячцы? Дзеці ж нашы за мяжу паехалі не турыстамі, а ўцекачамі. А каб не з’ехалі, дык маглі б і за кратамі апынуцца. А ў няволі хіба ж на вялікую пенсію заробіш?
Але замест гэтых разважанняў я падала прыклад свайго брата. Алег усё жыццё рабіў на дзяржаўным прадпрыемстве, на адказнай пасадзе. Быў вымушаны працаваць да той доўгачаканай пенсіі ажно да 63 гадоў. Але паспеў атрымаць тую пенсію толькі тры месяцы, а потым заўчасна сканаў.
Такім чынам, брат 40 гадоў рабіў адлічэнні ў пенсійны фонд. У нармальнай дзяржаве меў бы ніштаватую суму на рахунку, якую пасля смерці атрымалі б спадкаемцы – жонка і дзеці. Ну а ў ненармальнай лукашысцкай дзяржаве ніхто нічога не атрымаў. А грошы дзе падзеліся? Рытарычнае пытанне. Пайшлі, мабыць, на чарговы палац – гэтым разам для старшыні ўсенароднага “хурала”…