«Курсам польскай мовы прыйшоў гамон»
9- 29.09.2023, 10:56
- 12,552
Беларуска адрэагавала на словы генеральнага пракурора Шведа.
Генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед абурыўся колькасцю ангельскай мовы ў школах. "Мы рыхтуем працоўную сілу для Захаду?" — скардзіўся ён.
Чытачка сайта Charter97.org з Менска пракаментавала нападкі лукашыстаў на вывучэнне замежных моў у школах:
— На фоне вэрхалу ў галіне беларускай адукацыі згадаліся мне словы маёй прыяцелькі з Менску.
«Іра, паверце мне, наступным крокам будзе закрыццё цэнтраў вывучэння замежных моў, скарачэнне гадзін замежных моў у школах». Я спрачалася, аспрэчвала гэту тэзу. Бо гэта ж абсалютны нонсэнс — адмаўляцца ад спецыялістаў з веданнем замежных моў.
Але вось прайшоў год. Тэлефануе мне мая прыяцелька, кажа, што нашаму цэнтру (назву падаваць у мэтах бяспекі не буду) падоўжылі ліцэнзію толькі на адзін год. Але з адной умовай: закрыць курсы польскай мовы. Бо, маўляў, людзі масава з’язджаюць у Польшчу.
Ну і далей ўсё паводле жанру. І ў школах тыя мовы не патрэбныя. Як жа такое можа быць, што лекцый ангельскай больш, чым расейскай мовы.
Наша чытачка расказвае пра навучанне сваёй дачкі ў польскай школе:
— А мая дачка на гэтым тыдні святкавала міжнародны дзень замежных моў у Беластоку. У школе цягнулі жэрабя, які клас у колерах сцяга якой краіны Еўразвязу мусіць прыйсці да школы. І вучні ўсёй школы сёння выглядалі рознакалярова і нязмушана. Адразу відно: дзеці адкрытыя да моў і свету. Дарэчы, першую замежную мову пачынаюць вучыць у першым класе, а ў чацвёртым пачынаецца другая замежная мова.
А на Радзіме да 11 класа не могуць вывучыць родную беларускую. І прыкра чуць, калі бацькі на бацькоўскім сходзе кажуць: «как жэ харашо, что історію Беларусі дзеці будут учіть по-рюскі». Якая мова, такая і гісторыя, якая гісторыя, такое і жыццё, спадарства.