У МЗС Украіны жорстка паставілі на месца вугорскага сябра Пуціна
8- 29.09.2023, 16:14
- 13,120
Віктар Орбан «забыўся» на межы Украіны.
У Міністэрстве замежных спраў Украіны адказалі прэм'ер-міністру Вугоршчыны Віктару Орбану, які загаварыў аб тым, што перад перамовамі аб уступленні дзяржавы ў Еўразвяз неабходна вызначыць «параметры краіны».
Спікер МЗС Алег Нікаленка станоўча адзначыў, што прэм'ер-міністр Вугоршчыны «турбуецца аб уступленні Украіны ў Еўрапейскі Звяз», і нагадаў аб міжнародна прызнаных межах краіны, піша УНИАН.
«Інфармуем, што Украіна не мяняла сваёй тэрыторыі ў межах міжнародна прызнаных межаў», - напісаў ён.
Вугоршчына і ўступленне Украіны ў ЕЗ
У наступным месяцы, як чакаецца, Еўракамісія пойдзе на важны крок што да ўступлення Украіны ў ЕЗ - выдасць рэкамендацыю пачаць сур'ёзныя перамовы аб шматгадовым працэсе далучэння да блока.
Калі рэкамендацыя будзе выдадзеная, лідары краін блока павінны будуць адобрыць яе. Як чакаецца, гэта можа адбыцца ў снежні.
Аднагалоснай пазіцыі што да далучэння Украіны ў блок няма. Непрадказальнай застаецца, напрыклад, пазіцыя Вугоршчыны. Дарадца вугорскага прэм'ер-міністра Балаш Орбан сцвярджаў, што Вугршчына можа блакаваць уступленне Украіны ў ЕЗ праз нібыта «прыгнёт» вугорскай нацменшасці.
На зацягванне Будапештам працэсу намякаў і сам прэм'ер-міністр Віктар Орбан. Ён сцвярджаў, што перад стартам перамоў будзе трэба адказаць на «цяжкія пытанні», у тым ліку і тэрытарыяльныя.