Расеі пагражае дэфіцыт чорнага хлеба
12- 29.09.2023, 20:10
- 6,052
Жытні хлеб можа стаць рэдкасцю праз неўраджай.
Ураджай жыта ў Расеі сёлета можа зменшыцца да 1,8 млн тонаў, чаму можа ўзнікнуць дэфіцыт чорнага хлеба, паведамляе «Інтэрфакс».
Жыта першага, другога і трэцяга класу складзе блізу 97% ад усяго ўраджаю, аднак 59% гэтага аб'ёму прыпадзе на трэці клас, што з'яўляецца дрэнным паказнікам якасці, мяркуе прэзідэнт Звязу мукамольных і крупяных прадпрыемстваў Ігар Свірыдзенка. Паводле ягоных словаў, «жыта выпала з поля зроку дзяржаўных органаў» і ў цяперашні момант вытворчасць жытняй мукі складае толькі 10% ад аб'ёму вытворчасці пшанічнай.
«Мы сутыкаемся з сітуацыяй, калі-небудзь жытняга хлеба ў нас не будзе ў дастатковых колькасцях альбо ён стане – я выкарыстоўваю такі тэрмін – псеўдарэліктам. Барадзінскі хлеб будзе каштаваць даражэй за высакаякасныя гатункі пшанічнага хлеба проста праз кошт сыравіны», – заявіў Свірыдзенка.
Старшыня камісіі гандлёва-прамысловай палаты аграрна-прамысловага комплексу, акадэмік РАН Пётр Чакмароў мяркуе, што кошты на рынку жыта цяпер настолькі нізкія, што «на наступны год ёсць усе шанцы застацца без гэтага збожжа», паколькі сельгасвытворцам не выгадна займацца яго вырошчваннем.
«Сёння жыта 5 тысячаў рублёў за тону – гэта ні ў якія рамкі не ўваходзіць. Калі кошт не паднімецца да 10 тысячаў рублёў за тону, то на наступны год, калі сустрэнемся, вы скажаце, што і за 15 тысячаў рублёў не можам набыць жыта. Гэты год будзе правальны. Усе [пакупнікі жыта – TMT] хочуць танна, гэта зразумела, але патрэбна збалансаванасць у кошце», – сказаў Чэкмароў на канферэнцыі «Млын-2023», якая адбылася на гэтым тыдні.
У Мінсельгасе ў адказ на асцярогі экспертаў заявілі, што чаканага ўраджаю жыта хопіць для ўнутранага рынку краіны. «Плошча пасеваў жыта знаходзіцца на сярэднім шматгадовым узроўні. Чаканы ўраджай – блізу 2 млн тонаў. Імпарт гэтай культуры ў краіну мінімальны», – паведамілі ва ўстанове «Інтэрфаксу».
Паводле звестак міністэрства, кошты харчовага жыта ўпалі на 7,3% за год, а вытворчасць жытняй мукі за восем месяцаў 2023 года вырасла на 2,5%. Зімовая сяўба пад ураджай 2024 года ідзе ў штатным рэжыме, зрабілі справаздачу ў Мінсельгасе.
Паводле звестак Расстата, летась ураджай жыта ў Расеі склаў 2,18 млн тонаў, што на 26,5% вышэй, чым у 2021 годзе (тады сабралі 1,72 млн тонаў). Сёлета пасевы культуры скараціліся да 834 тысячаў га – з 894 тысячаў га ў 2022 годзе.