Кіраўнік Мінбуда РФ заявіў пра немагчымасць аднавіць гарады на анэксаваных тэрыторыях Украіны
19- 29.09.2023, 20:36
- 18,892
Расейцы іх разбурылі дашчэнту.
Расея не будзе аднаўляць некаторыя гарады на акупаванай тэрыторыі Украіны, разбураныя падчас вайны, заявіў міністр будаўніцтва і ЖКГ РФ Ірэк Файзулін.
Ён растлумачыў, што ў шэрагу выпадкаў маштаб разбурэнняў такі, што гэта ўжо не мае сэнсу. У якасці прыкладу Файзулін прывёў Папасную, размешчаную ў Севераданецкім раёне Луганскай вобласці. «Там статысячны горад, нічога там не засталося: жывуць сем чалавек, не хочуць сыходзіць з індывідуальнага жылля. Мы пакуль там нічога не робім», – сказаў ён (цытата паводле ТАСС).
У сувязі з гэтым міністр заклікаў не даваць «ілжывых абяцанняў» жыхарам анэксаваных тэрыторый Украіны, якія спадзяюцца на аднаўленне сваіх гарадоў. «Бярыце да ўвагі, што жыллёва-камунальная гаспадарка, праца з людзьмі былі там зусім на іншым узроўні пабудаваныя. Нават нормы будаўнічыя, так званыя дзяржаўныя нормы, былі зусім іншыя», – адзначыў ён.
Файзулін таксама звярнуў увагу на дэфіцыт фінансавання аднаўленчых працаў у акупаваных рэгіёнах. «У нас трохгодкі на ўсіх кірунках. Велізарныя, быццам бы, грошы – 4,7 трлн рублёў на тэрыторыю, але на капіталку – гэта 300 млрд рублёў на год, што няшмат. У нас сёлета і летась 115,6 млрд рублёў уклалі рэгіёны-шэфы. Прычым такія нават, як Тува, у якой на свае праграмы грошай няма», – удакладніў ён.
На думку міністра, аднаўленчыя працы не скончацца і да 2030 года, бо на частцы тэрыторый яны пакуль нават не пачаліся. «Мы яшчэ толкам не працуем у Севераданецкай агламерацыі, на Арцёмаўск (так у РФ называюць Бахмут – TMT) не прыйшлі, у нас 33 населеныя пункты ў Харкаўскай вобласці знаходзяцца, мы там першаснае абследаванне толькі пачынаем», – прызнаў ён.
Паводле звестак Дзяржаўнай службы статыстыкі Украіны, на 1 студзеня 2021 года ў Папаснай жылі 19672 чалавекі. У Папаснянскай гарадской ваеннай адміністрацыі сцвярджалі, што на стан красавіка 2023 г. там заставаліся блізу 200 чалавек.
У выніку вайны горад, пра захоп якога Расея абвесціла 9 траўня летась, практычна зраўнялі з зямлёй, цяпер у ім няма вады, святла і газу. Прызначаны Расеяй кіраўнік «ЛНР» Леанід Пасечнік заяўляў, што Папасная разбураная на 96% і, верагодна, аднаўленню не падпадае.
Кіраўнік Луганскай абласной адміністрацыі Сяргей Гайдай у студзені 2023 года расказаў, што за месяцы цяжкіх баёў таксама былі знішчаныя Белагораўка, Крамянная, Рубежнае, Залатое, Горнае і Лісічанск. Ён паабяцаў, што Украіна верне і адновіць Папасную. «Папялішча стане зноў садам, Папасная зноў будзе шчаслівая са сваімі жыхарамі», – падкрэсліў ён.