Генерал Тарнаўскі: УСУ прарвалі 60% абароны расейцаў на Поўдні
2- 3.09.2023, 10:49
- 6,268
Украінскае войска надыходзіць па абодва бакі ад прарыву.
Камандуючы аператыўна-стратэгічнай групоўкай украінскіх войскаў «Таўрыя» генерал Аляксандр Тарнаўскі ў інтэрв'ю The Observer заявіў, што расейцы выдаткавалі 60% свайго часу і рэсурсаў на ўзвядзенне першай лініі абароны на Поўдні, і толькі па 20% на другую і трэцюю.
Цяпер украінскія абаронцы прарвалі першую лінію расейскай абароны на Запарожскім фронце, наступаюць па абодва бакі прарыву і замацоўваюцца на адваяваных тэрыторыях.
«На маю думку, расейцы меркавалі, што ўкраінцы не прарвуцца праз гэтую (першую) лінію абароны. Яны рыхтаваліся больш за год. Яны зрабілі ўсё, каб гэты адрэзак быў добра падрыхтаваны», - сказаў Тарнаўскі.
З яго слоў, УСУ цяпер знаходзяцца паміж першай і другой абарончымі лініямі. «У цэнтры наступлення мы заканчваем знішчэнне варожых падраздзяленняў, якія прыкрываюць адыход расейскіх войскаў за іх другую лінію абароны», - сказаў ён.
Тарнаўскі падкрэсліў, што контрнаступленне стрымлівала пабудаванае расейцамі вялізнае міннае поле. За ім расейскія войскі «проста стаялі і чакалі ўкраінскае войска», падбіваючы ўкраінскую тэхніку.
«Як толькі тамака (на першай лініі абароны) з'яўлялася тэхніка, расейцы адразу пачыналі яе абстрэльваць і знішчаць. Таму размінаванне праводзілася толькі пяхотай і толькі ўначы», - падкрэсліў ён.
Цяпер, калі мінны бар'ер пераадолены, расейцы вымушаныя манеўраваць і перадыслакаваць свае сілы. «Вораг падцягвае рэзервы не толькі з Украіны, але і з Расеі», — адзначыў Тарнаўскі.
Аднак ён упэўнены, што рана ці позна ў расейцаў не выстарчыць сіл, што дасць магчымасць абаронцам наступаць хутчэй. Цяпер, калі міннае поле прарванае, расейцы страцілі значную частку сваёй перавагі.
«Існуе вельмі вялікая розніца паміж першай і другой лініяй абароны», – сказаў Тарнаўскі.
Ён растлумачыў, што другая лінія не так добра пабудаваная, таму ўкраінцы могуць выкарыстоўваць сваю тэхніку, хаця там усё яшчэ ёсць мінныя палі.