27 лiпеня 2024, Субота, 15:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Дапамагае трымацца сіла, якая ёсць у Паліне»

5
«Дапамагае трымацца сіла, якая ёсць у Паліне»

Сёння — 1000 дзён з дня арышту актывісткі «Еўрапейскай Беларусі».

Сёння — 1000 дзён з дня арышту актывісткі грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Паліны Шарэнды-Панасюк. Муж палітычнай зняволенай Андрэй Шарэнда ў інтэрвію сайту Charter97.org заклікаў беларусаў да салідарнасці з гераіняй беларускага супраціву:

— Літаральна праз некалькі дзён пачынаецца новае судзілішча над Палінай паводле артыкулу 411 Крымінальнага кодэкса — «заўзятае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі». На жаль, вынік гэтага суда загадзя прадвызначаны. Паліне, мабыць, дададуць яшчэ адзін год зняволення, а праходзіць гэты тэрмін будзе ў самых жорсткіх варунках.

З тысячы дзён, якія яна за кратамі, больш за пяцьсот Паліна правяла ў варунках карцэра і штрафнога ізалятара. Гэта каласальны ўдар па арганізме і псіхіцы чалавека. Нам вядома толькі тое, што Паліна трымаецца, захоўвае аптымізм і хоча пераказаць беларусам, каб яны працягвалі змаганне за свабоду.

Менавіта цяпер, у гэты цяжкі момант, Паліне як ніколі патрэбная наша падтрымка і салідарнасць. Здаецца, што ў цяперашняй сітуацыі — гэта не першарадная рэч, але салідарнасць важная.

Таму напярэдадні даты суда я хачу звярнуцца да ўсіх грамадзянскіх аб'яднанняў, праваабарончых арганізацый, палітычных партый і журналістаў, каб яны падтрымалі Паліну ў гэтыя цяжкія дні. Гэта можа быць допіс салідарнасці, зварот з патрабаваннем вызваліць Паліну, кожны тып падтрымкі. Але яшчэ важнейшае (тут я звяртаюся да заходніх палітыкаў) зразумець, што нейкімі перамовамі нашых герояў не вызваліць. Толькі ціск і ўзмацненне санкцый дапамогуць зрабіць вольнымі Паліну ды іншых сапраўдных лідэраў, якія знаходзяцца за кратамі.

Рэпрэсіі сёння ўзмацняюцца, бо ўжо восем месяцаў нічога не вядома пра лёс Мікалая Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыкі, адбываецца проста здзек з людзей. І гэта адбываецца ў цэнтры Еўропы ў 21-м стагоддзі. Адзіным адказам можа быць поўнае эканамічнае эмбарга і поўная забарона транзіту тавараў праз Беларусь.

— Як трымаецца ваша сям'я без мамы?

— Цяпер у дзяцей пачалася школа. Малодшы сын Стах пайшоў у першы клас, а старэйшы сын Славамір у першы клас старэйшай школы (у Літве гэта як наш дзявяты клас). Ім, вядома, складана, і гэта не можа не ўплываць і на мяне. Да прыкладу — даводзіцца рана ўставаць, збіраць у школу, гатаваць сняданкі. Нягледзячы на ўсе праблемы са здароўем, якія падаюць на нас, мы ўпраўляемся, мы чакаем нашу маці і ўпэўненыя, што неўзабаве будзем разам. Яшчэ мы жывём надзеяй, што скора ўсе вернемся ў Беларусь. Менавіта гэтая думка дапамагае нам даваць рады ўсім цяжкасцям.

Дапамагае трымацца сіла, якая ёсць у Паліне. Я ведаю, што не маю права скардзіцца, бо ёй у сто разоў складаней, чым мне. Па-другое — падтрымка людзей, якая звернутая да Паліны, дапамагае трымацца і мне.

Карыстаючыся выпадкам, хачу сказаць словы падзякі тым людзям, якія дапамагаюць нашай сям'і. Менавіта адрасная дапамога важная для сем'яў палітычных вязняў.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках