Зяленскі аб'явіў аб стварэнні новага Альянсу абаронных індустрый
3- 30.09.2023, 10:11
- 4,166

Ёсць першыя ўдзельнікі.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі аб'явіў аб стварэнні Альянсу абаронных індустрыі. Да яго могуць далучыцца вытворцы зброі і вайсковай тэхнікі ва ўсім свеце, пры гэтым першыя 13 кампаній ужо сталі ўдзельнікамі.
Аб гэтым заявіў кіраўнік украінскай дзяржавы падчас Форуму абаронных індустрый, паведамляе карэспандэнт РБК-Украіна.
«Сёння на гэтым форуме мы абвесцім аб стварэнні альянсу абаронных індустрый — альянсу, які шануе міжнароднае права і ўмее працаваць для рэальнай абароны міжнароднага права, бяспекі. І я гавару не толькі пра Украіну, а пра бяспеку кожнай нацыі ў свеце ад усякай агрэсіі», — заявіў Зяленскі.







Паводле ягоных слоў, Украіна распрацавала адпаведную базавую дэкларацыю як падмурак альянсу. І да яго могуць далучыцца вытворцы зброі і вайсковай тэхнікі з усяго свету, якія "падзяляюць намер даць рэальную абарону ад агрэсій у рызыкоўных варунках сучаснасці".
"Сёння на старце гэтую дэкларацыю ўжо падпісала 13 выдатных кампаній, ахвочых разам з Украінай ствараць новы арсэнал свабоднага свету", – расказаў Зяленскі.
Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы абвясціў — Украіна распрацоўвае спецыяльны эканамічны рэжым для абаронна-прамысловага комплексу.
"Каб даць усе магчымасці рэалізаваць свой патэнцыял кожнай кампаніі, якая працуе дзеля абароны ва Украіне і з Украінай або якая хоча прыйсці ва Украіну", – дадаў Зяленскі.
Форум абаронных індустрый
Ва Украіне праходзіць Форум абаронных індустрыі з удзелам украінскіх і замежных вытворцаў зброі. Акцыя мае зафіксаваць дасягненні ўкраінскага абаронна-прамысловага комплексу.
Мэта Украіны — прадэманстраваць тое, што ўжо ўмее і разгледзець тое, што можа дадаць да магчымасцяў, у тым ліку праз стварэнне новых вытворчасцяў у краіне, праз лакалізацыю з партнёрамі.
Як паведамлялі ў МЗС, у Форуме бяруць удзел сама меней 165 абаронных кампаній з 26 краін.
Сярод удзельнікаў форуму і генеральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг. Ён адзначыў вынаходлівасць ўкраінскай абароннай прамысловасці і заявіў, што «зброя для Украіны — гэта шлях да міру».
Для ўдзелу ў Форуме таксама ў Кіеў прыехаў і міністр абароны Францыі Сэбасцьен Лекарню. Ён прыбыў з дэлегацыяй прадстаўнікоў кампаній, якія спецыялізуюцца на вырабе вайсковай тэхнікі.
Ужо вядома, што Украіна падпісала блізу 20 умоў з французскімі абароннымі прадпрыемствамі.