15 лiпеня 2024, панядзелак, 14:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Валер Карбалевіч: Гэта нагадала паслугачам Лукашэнкі аб тым, што лёс — рэч зменлівая

1
Валер Карбалевіч: Гэта нагадала паслугачам Лукашэнкі аб тым, што лёс — рэч зменлівая

У чым значэння працэсу над Гараўскім у Швайцарыі.

28 верасня акруговы суд швайцарскага места Роршаха (кантон Санкт-Гален) абвясціў вырак у справе былога беларускага вайскоўца з падраздзялення СОБР Гараўскага. Яго абвінавачвалі ў датычнасці да знікненняў апанентаў рэжыму ў Беларусі (Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага). Гэтыя падзеі адбыліся ў 1999 годзе, піша ў артыкуле для "Позірка" палітолаг Валер Карбалевіч:

- Суд у Швайцарыі праходзіў у рамках універсальнай юрысдыкцыі, якая дазваляе прыцягнуць вінаватых да адказнасці, нават калі яны ўчынілі цяжкія злачынствы ў іншай краіне. Гэта першы выпадак, калі грамадзянін Беларусі паўстаў перад судом у такой прававой працэдуры.

Гэтага суда з нецярплівасцю чакалі

У свой час знікненне вядомых апазіцыянераў выклікала значны грамадскі розгалас. У 2001 годзе незалежныя мэдыі апублікавалі дакументы, якія кідалі цень падазрэння на дачыненне да злачынства людзей з блізкага асяроддзя Аляксандра Лукашэнкі: Віктара Шэймана, Юрыя Сівакова. Афіцэра спецвойскаў Дзмітрыя Паўлічэнку падазраюць у тым, што ён быў беспасярэднім кіраўніком аперацый. Да аналагічных высноў прыйшла спецыяльная падкамісія Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы на чале з кіпрскім дэпутатам Хрыстасам Пургурыдэсам.

Цяпер Юрый Гараўскі прызнаўся ў датычнасці да выкрадання апанентаў рэжыму і ў тым, што яны былі забітыя.

Тое, што рэжым Лукашэнкі зрабіў з беларускімі грамадзянамі за апошнія тры гады, у пэўным сэнсе засланіла трагедыю знікнення палітыкаў у 1999 годзе. Да таго ж за гэты час змянілася цэлае пакаленне.

Тым не менш беларуская дэмакратычная супольнасць ускладала вялікія спадзяванні на гэты суд. Абвінаваўчы прысуд у дачыненні да Гараўскага азначаў бы, што створаны прэцэдэнт у рамках універсальнай юрысдыкцыі ў дачыненні да злачынстваў, учыненых у Беларусі. Што магло стаць стымулам для швайцарскіх пракурораў, праваахоўных органаў іншых краін арганізаваць такія працэсы, прычым і паводле фактаў злачынстваў, учыненых кагадзе.

Вырак швайцарскага суда быў важны і з той прычыны, што паводле афіцыйнай версіі беларускіх праваахоўных органаў факт выкрадання і забойства названых апазіцыйных палітыкаў не высветлены. Маўляў, яны проста зніклі, і што з імі адбылося, застаецца невядомым. Больш за тое, Лукашэнка час ад часу расказваў гісторыі, быццам гэтых зніклых апазіцыянераў бачылі недзе за мяжой, ці то ў Нямеччыне, ці то ва Украіне.

У інтэрвію літоўскім СМІ 14 верасня 2009 года на рэпліку журналіста аб тым, што вядомыя палітыкі зніклі, а злачынцы дагэтуль не знойдзеныя, Лукашэнка зрэагаваў так: «Чаму Вы без суда вызначылі кагосьці ў злачынцы? Вы прадстаўнік дэмакратычнага грамадства, таму маеце разумець, што злачынец — гэта тады, калі суд прыняў пастанову. Ні ваш суд, ні наш (а гэта мае быць наш суд) не прымаў такой пастановы…»

То бок, вырак суда нават для Лукашэнкі мае нейкае значэнне, няхай ён і выкарыстоўвае гэтую акалічнасць у сваіх мэтах.

"Прычынная ўлада, гэтыя факты не маюць выклікаць сумневаў"

І вось цяпер швайцарскі суд прыняў пастанову. Яна дастаткова супярэчлівая.

З аднаго боку, суд канстатуе, што менавіта беларуская ўлада ў канчатковым рахунку "нясе адказнасць за знікненні" апазіцыйных палітыкаў. Растлумачваючы прысуд, суддзя сказаў, што гэта асаблівы выпадак, у якім "датычная ўлада, і яна нясе адказнасць за гвалтоўныя знікненні… Гэтыя факты не маюць выклікаць сумневаў".

Падчас судовага працэсу была абнародавана тая акалічнасць, што пры забойстве выкрадзеных палітыкаў выкарыстоўваўся спецыяльны пісталет для вынясення смяротных прысудаў. Патрапіць у рукі забойцаў ён мог толькі на загад высокага начальства.

Са сведчанняў Гараўскага вынікае, што галоўнай фігурай, якая кіравала аперацыямі і ўчыняла забойствы, быў Паўлічэнка. Злавесная асоба, не апошні чалавек у сістэме ўлады. У 2000 годзе ён быў арыштаваны ў рамках расследавання "справы зніклых", але вызвалены на загад Лукашэнкі. Доўгі час Паўлічэнка быў камандзірам брыгады спецыяльнага прызначэння ўнутраных войскаў, стаў улюбёнцам кіраўніка дзяржавы, той называў яго сваім галоўным абаронцам. У 2020 годзе Паўлічэнка, ужо знаходзячыся на пенсіі, удзельнічаў у разгоне пратэстоўцаў.

У 2019-м, калі Гараўскі ўпершыню публічна заявіў аб сваёй датычнасці да згаданых злачынстваў, беларускія ўлады збянтэжыліся. Праваахоўнікі маглі хаця б фармальна выказаць зацікаўленасць у расследаванні, паспрабаваць узяць у Гараўскага сведчанні. Аднак гэтага зроблена не было.

Тады галоўны фігурант «справы зніклых» Паўлічэнка ад разгубленасці за пэўны час выказаў у каментарах незалежным мэдыям тры розныя версіі аб Гараўскім: ён яго знае, той сапраўды служыў пад ягоным кіраўніцтвам у СОБР; ён яго не знае; ён пераблытаў гэтага чалавека з кімсьці іншым. І гэтая блытаніна ўскосна пацвярджае сведчанні Гараўскага.

З іншага боку, швайцарскі суд вынес апраўдальны прысуд. Ён прыняў віну Гараўскага ў датычнасці да выкрадання апанентаў Лукашэнкі не даведзенай.

Напамін тым, хто сёння здзекуецца з палітычных вязняў

Такая пастанова выклікала вялікае расчараванне ў беларускай дэмакратычнай публікі. Тут важна канстатаваць, што яе чаканні былі завышаныя. Ёсць пэўнае недастатковае разуменне, як працуе незалежнае правасуддзе.

Беларусы прызвычаіліся, што зазвычай суды выносяць абвінаваўчыя прысуды. А ўжо калі справы палітычныя, то ўвогуле ўсё наканавана. Суддзі проста штампуюць высновы следства і пракуратуры, нават не спрабуючы разбірацца ў сутнасці абвінавачанняў. У Беларусі апраўдальныя прысуды складаюць толькі 0,2% ад усіх судовых пастаноў.

У Еўропе ж суд сапраўды незалежны. Судовы працэс — гэта рэальная канкурэнцыя пракурора і адваката. І абвінаваўчы прысуд зусім не наканаваны. У пэўных еўрапейскіх краінах суды выносяць да 40% апраўдальных прысудаў.

У нашым выпадку ўсё абвінавачанне грунтавалася на прызнальных сведчаннях самога Гараўскага. У рамках савецкага правасуддзя, з якога Беларусь так і не выйшла, прызнання абвінавачанага зазвычай дастаткова ("прызнанне — каралева довадаў"). І не важна, якім чынам яно атрыманае. Слухаючы шматлікія “пакаянныя прызнанні” апанентаў рэжыму на дзяржаўнай тэлевізіі, у праўладных тэлеграм-каналах, лёгка зразумець, якія спосабы былі для гэтага ўжытыя.

У еўрапейскім правасуддзі прызнальных сведчанняў недастаткова. Патрэбныя іншыя довады злачынстваў. А якія довады маглі мець швайцарскія пракуроры, якія не маюць доступу да “справы зніклых”?

Акрамя таго, суд угледзеў у сведчаннях Гараўскага супярэчнасці падчас розных допытаў. А паводле прынцыпаў еўрапейскага правасуддзя, усе сумневы маюць тлумачыцца на карысць абвінавачанага.

Аднак у кожным выпадку сам факт правядзення такога суда мае важнае значэнне. Ён нагадвае, што цяжкія злачынствы не маюць тэрміну даўніны, што ніхто не забыты і нішто не забытае. І няма нічога таемнага, што не стала б выяўным.

Гэта напамін і тым паслугачам рэжыму, якія цяпер чыняць здзекі з палітычных вязняў. Напамін пра тое, што лёс — рэч зменлівая, ён можа павярнуцца нечаканым чынам.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках