Расейскае бамбаванне Румыніі: сірэна прагучала проста падчас матчу на стадыёне
4- 30.09.2023, 13:21
- 9,716
Сюррэалістычнае відэа.
На матчы чэмпіянату Румыніі ў футболе паміж «Ацалулам» з Галаца і «Дынамам» з Бухарэсту падчас флэш-інтэрв'ю галоўнага трэнера гаспадароў Дарынэла Мунцяну прагучаў сігнал паветранай трывогі.
Відэа з інцыдэнтам, якое здарылася ў 11-м туры ў сябе ў Twitter выклаў журналіст Эмануэль Расу.
«Сюррэалістычны момант. Папярэджанне аб расейскім бамбаванні на ўсіх тэлефонах падчас пасляматчавай прамовы Дарынэла Мунцяну. «Адломкі могуць упасці з неба. Знайдзіце бяспечнае месца», — падпісаў відэа Расу.
30 верасня вайсковая радыёлакацыйная сістэма Румыніі зафіксавала магчымае несанкцыянаванае пранікненне ў нацыянальную паветраную прастору. Сігнал у паветры быў знойдзены на шляху да места Галаца.
У выніку жыхары найбліжэйшых паселішчаў атрымалі сігнал трывогі з сістэмы Ro-Alert з заклікам прайсці ў сховішчы.
Нагадаем, пасля інцыдэнтаў з падзеннем частак расейскіх дронаў, якія атакавалі партовую інфраструктуру Ізмаіла і Рэні Адэскай вобласці, Румынія наважыла перамясціць сістэму СПА бліжэй да селішчаў на беразе Дуная на мяжы з Украінай. Таксама ў гэтым абшары павялічваецца колькасць вайсковых наглядальных пунктаў і патрулёў.
Раней у МЗС Румыніі прызналі, што вайна ва Украіне закранула і іх краіну, пасля некалькіх выпадкаў падзення абломкаў расейскіх дронаў на румынскай тэрыторыі.