Сербія пачала беспрэцэдэнтнае сцягванне сучасных танкаў і артылерыі да мяжы з Косава
15- 30.09.2023, 14:10
- 7,470
Выведцы ЗША сталі вядомыя падрабязнасці.
ЗША заклікалі Сербію адвесці свае войскі ад мяжы з Косава пасля таго, як была зафіксаваная значная канцэнтрацыя сербскіх сіл у гэтым раёне. Як паведамляе «Голас Амерыкі», пра гэта заявіў на брыфінгу прадстаўнік Рады нацыянальнай бяспекі Белага дома Джон Кірбі.
Паводле інфармацыі амерыканскай выведкі, Сербія размясціла сучасныя танкі і артылерыю на мяжы з Косава пасля сутыкненняў на поўначы Косава на мінулым тыдні.
Інцыдэнт, падчас якога загінулі косаўскі паліцыянт і трое ўзброеных сербаў, стаў адной з самых сур'ёзных эскалацый за апошнія гады ў Косава.
«Мы сочым за буйным сербскім вайсковым кантынгентам уздоўж мяжы з Косава. Ён уключае беспрэцэдэнтнае размяшчэнне перадавой сербскай артылерыі, танкаў, мотапяхотных падраздзяленняў. Мы мяркуем, што гэта вельмі небяспечнае развіццё, якое вядзе да дэстабілізацыі. Мы заклікаем Сербію адвесці гэтыя сілы ад мяжы», - заявіў Кірбі.
Назапашванне войскаў ля мяжы адбылося цягам апошняга тыдня, але яго мэта яшчэ не зразумелая, гавораць у Белым доме.
Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен вымушаны быў патэлефанаваць прэзідэнту Сербіі Аляксандру Вучычу, каб заклікаць да «неадкладнай дээскалацыі і вяртання да дыялогу». У сваю чаргу дарадца Белага дома ў нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван паразмаўляў з прэм'ер-міністрам Косава.
Афіцыйны Бялград не стаў наўпрост адмаўляць факт нарошчвання сіл на мяжы, але зняпраўджвае заявы аб тым, што гэты кантынгент прыведзены ў баявую гатоўнасць.
«Я зняпраўдзіў хлусню, дзе гаворка ідзе пра самы высокі ўзровень баявой гатоўнасці нашых сілаў, бо я проста не падпісваў гэта, і гэта недакладна. У нас няма (на мяжы з Косава - рэд.) нават паловы тых войскаў, якія былі два-тры месяцы таму», - сказаў прэзідэнт Вучыч журналістам.