Беларускі трэнер наадрэз адмовіўся адказваць на пытанні пасля матча
- 30.09.2023, 15:00
- 6,930

Уся справа ў дзіўных пастановах суддзі, які «зламаў» гульню.
Галоўны трэнер «Урала», беларускі футбольны спецыяліст Віктар Ганчарэнка не стаў адказваць на пытанні на пасляматчавым інтэрв'ю пасля гульні з «Растовам» (2:2) у 10-м туры расейскай прэм'ер-лігі, які адбыўся ўчора.
Падчас флэш-інтэрв'ю адразу пасля гульні Віктар Ганчарэнка з'явіўся ў кадры, не стаўшы парушаць рэгламент, выслухаў тры пытанні, але на аніводнае не адказаў.
Потым ён праігнараваў пытанні і на пасляматчавай прэс-канферэнцыі.
Учора «Урал» вёў у гасцях з лікам 2:0, але спрэчныя пастановы рэферы прывялі да выніку 2:2.
У расейскіх спартовых СМІ маўчанне Ганчарэнкі і судзейства Галімава — галоўная тэма вечара і ночы.
«Урал» пасля 10 гульняў ідзе на сёмым радку ў турнірнай табліцы, у клуба 15 балаў і адставанне ад трэцяга месца складае два балы. Аднак усе спаборнікі згуляюць сёння і заўтра.
Віктар Ганчарэнка трэніраваў барысаўскі БАТЭ з лістапада 2007 года да кастрычніка 2013 года. Пры ім клуб шэсць разоў запар перамагаў у чэмпіянаце Беларусі, а ў жніўні 2008 года ўпершыню выйшаў у групавы раунд Лігі чэмпіёнаў, а потым стала гуляў у групавых раундах Лігі чэмпіёнаў і Лігі Еўропы.
Пяць апошніх гадоў беларускія клубы ні разу не прабіліся ў групавы турнір еўракубкаў.
Менавіта пад кіраўніцтвам Ганчарэнкі 11 гадоў таму, 2 кастрычніка 2012 года, БАТЭ ў Менску сенсацыйна перамог «Баварыю» 3:1, якая потым у тым сезоне і перамагла ў Лізе чэмпіёнаў.
Потым трэнер з'ехаў у Расею. Ён трэніраваў «Кубань», «Урал», ЦСКА, «Краснадар». У жніўні мінулага года Ганчарэнка зноў узначаліў «Урал», з якім у мінулым сезоне фінішаваў 11-м.