Прыгожая дзяўчына ў паліцэйскай форме спыніла рух аўтамабіляў
2- 30.09.2023, 18:32
- 24,110

Як беларуска выпадкова патрапіла на незвычайнае мерапрыемства ва Вроцлаве.
У пачатку верасня чытачка EX-PRESS.BY патрапіла на свята сабак. Гэта быў пяты парад сабак ва Вроцлаве. Можна сказаць, што юбілейны і традыцыйны.
«Я ўсміхалася ва ўсе зубы»
- Каб не дзеці, я б туды не пайшла. У нас няма хатняга гадаванца, таму для малых кожны раз вялікая радасць - бачыць сабак або катоў. А калі яшчэ мама пагладзіць дазволіла, то радасці не будзе мяжы. Мы выпадкова трапілі на гэтае шэсце, — расказвае беларуска.

Дзяўчына прызнаецца, што ёй спадабалася, хаця да ідэі такіх святаў яна ставіцца скептычна:
- Калі гаварыць пра сабак, то там было больш маленькіх сабачак, а не вялікіх аўчарак, хаскі ці ганчакоў. Дзеці вішчалі ад радасці, бегалі побач з чатырохногімі ўдзельнікамі, нават пагладзіць паспявалі. Я ўсміхалася ва ўсе зубы. Праўда, было здорава.
Паводле плану калона павінна была прайсці праз частку горада, але мы далучыліся ненадоўга, бо спяшаліся на іншы фэст.

Прыгожая дзяўчына ў паліцэйскай форме спыніла рух аўтамабіляў
Беларуска падкрэсліла, што ў горадзе на некалькі хвілін перацялі рух. Гэта моцна адрозніваецца ад таго, як на ўвесь дзень перацінаюць паўгорада дзеля параду ў Менску ці ў раённых цэнтрах:
- Парад узначальвала і замыкала паліцэйская машына. Усё прайшло выразна і хутка. Аўтатранспарт і трамваі чакалі нядоўга, блізу 5 хвілін на адным пераходзе. Амаль 10 хвілін чакалі аўтамабілі, пакуль калона рухалася па праезнай частцы. Прыгожая дзяўчына ў паліцэйскай форме спыніла рух аўто. Гэта было эфектна, як у крутым галівудскім фільме. І пры выглядзе паліцыянтаў было радасна, а не трывожна, як у Беларусі.

У канцы гераіня кажа:

- У які раз пераконваюся, што Вроцлаў - гэта правільны выбар: буйны культурны цэнтр з узрушаючай архітэктурай, прыродай, інфраструктурай для сямейных пар. Такой колькасці свят у маім жыцці даўно не было. Парад сабак - маленькая частка радасці, якую маёй сям'і падарыла эміграцыя. І як бы ні было цяжка, мы знаходзім пазітыўныя рэчы вакол сябе.